У цягніку, на якім журналістка «Белсату» ехала ў Вільню, знайшлі выбухоўку
Пасля памежнага кантролю на беларуска-літоўскай мяжы пасажыраў цягніка вывелі з вагонаў.
16 верасня пасажыраў цягніка «Менск – Вільня» высадзілі на станцыі Гудагай у сувязі з замініраваннем.
«Цягнік «Менск – Вільня», на якім я еду, затрымалі па тэхнічных прычынах. Высадзілі ўсіх пасажыраў. Спачатку вывелі ўсіх пасажыраў з майго вагону, потым яшчэ з аднаго, а потым – увесь цягнік», – паведаміла Чайчыц рэдакцыі.
Паводле журналісткі, на месца прыбылі ратаўнікі, «хуткія», міліцыянты ў бронекамізэльках. Аперацыя распачалася пасля праверкі дакументаў на станцыі «Гудагай». Ані памежнікі, ані праваахоўнікі не каментуюць сітуацыю. Пасажырам паведамілі, што іх адправяць на наступным цягніку.
Пазней памежнікі распавялі, што ў адным з вагонаў знайшлі скрыню з выбухоўкай. Цягнік адцягнулі ад станцыі.
Пасля гэтага людзям сказалі, што наступны цягнік таксама «затрымліваецца».
«Сказалі, што наступны цягнік будзе не хутка. Чакаюць спецыялістаў з Менску ці Горадні», – распавядае Чайчыц.
Вольга дадае, што не ведае дакладна, ці затрыманне цягніка звязанае з тым, што яна ехала на ім.
Журналістку Вольгу Чайчыц, якая супрацоўнічае з нашым каналам, улады кожны месяц штрафуюць за гэтую супрацу. Агульная сума сёлетніх штрафаў склала ўжо Br 8330 – і працягвае расці.
У аўторак судовая выканаўца паведаміла Чайчыц аб абмежаванні выезду з краіны — беспадстаўным, бо ўсе штрафы журналістка своечасова аплочвае.
У сераду дзякуючы ўмяшанню юрыдычнага аддзелу Беларускай асацыяцыі журналістаў, судвыканаўца была вымушаная адклікаць забарону на выезд.
Суддзя Дзяржынскага суда падцвердзіла, што Вольга Чайчыц свабодная ў праве перамяшчэння.
На наступным тыдні ў Вольгі Чайчыц запланаваныя сустрэчы ў Брусэлі — у Еўрапарламенце і Еўракамісіі, і ў Парыжы – з Міжнароднай федэрацыяй журналістаў і «Рэпарцёрамі без межаў» адносна сітуацыі са свабодай медыяў ў Беларусі.
Upd. Вольга даехала таксоўкаю да аэрапорта і паспела на самалёт.