У Дрыбіне затрымалі Андрэя Юркова
У Дрыбіне 26 лютага затрымалі сябра ліквідаванай ўладамі Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Юркова.
Супрацоўнікі праваахоўных органаў пасля затрымання павезлі Юркова ў ізалятар часовага ўтрымання ў Горках. Прычына яго затрымання невядомая. Сваякі Андрэя Юркова паведамілі службе маніторынгу БАЖ, што разгляд яго справы адбудзецца ў судзе Дрыбінскага раёна ў панядзелак, 28 лютага.
Сябры затрыманага лічаць, што адбылося так званае прэвентыўнае затрыманне напярэдадні абвешчанага на 27 лютага рэферэндума па зменах у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Нагадаем, раніцай 17 лютага ў Дрыбіне ў кватэры Андрэя Юркова сілавікі правялі вобшук. У выніку забралі ноўтбук, смартфон і носьбіты інфармацыі. Супрацоўнікаў міліцыі тады таксама вельмі цікавіла стаўленне Юркова да канстытуцыйнага рэферэндума.
