• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Facebook з’явіўся фэйкавы акаўнт праваабаронцы Паўла Левінава. Распаўсюджваюць кампрамат ад яго імя

    Людзі пачалі абурацца, таму стваральнікі фэйкавай старонкі абмежавалі магчымасць каментароў і допісаў. Левінаў напісаў скаргу, каб несапраўдны акаўнт быў выдалены.

    Павел Левінаў

    Пра з’яўленне карыстальніка Face­book пад імем  Pavel Levi­noff стала вядома раніцай 31 студзеня. На старонцы быў толькі партрэт, скапіраваны з рэальнага фотаздымка праваабаронцы, і спасылкі на два відэаролікі. У абодвух — спрабы скампраметаваць актывіста Партыі БНФ і руху “За Свабоду”, удзельніка сёлетніх выбараў Хрыстафора Жаляпава.

    Праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Павел Левінаў пацвердзіў, што не мае аніякага дачынення да новага акаўнта. А спробы скарыстацца ягоным імем тлумачыць пачаткам выбарчай кампаніі:

    “Такія “фэйкі” звычайна вырабляюць, калі адбываюцца нейкія значныя грамадскія падзеі. У краіне ідзе выбарчая кампанія, таму адпаведныя структуры надаюць шмат увагі кандыдатам. Маю актыўнасць у Віцебску таксама ведаюць. А хто не ведаў, мог даведацца: зусім нядаўна адбылася прэм’ера фільма “Ён такі, Павел Левінаў”. Я займаюся назіраннем за выбарчай кампаніяй, фіксуючы парушэнні заханадаўства. І адсочваю лёс замежнага грамадзяніна Алана Сміта, правы якога парушаюцца ў калоніі “Віцьба”,  і давёў да ведама грамадскасці, што наш абласны суд вынес смяротны вырак грамадзяніну, што дагэтуль не было зафіксавана ў афіцыйный статыстыцы. Таму я гатовы да любых правакацый”.

    Неабыякавыя сябры ў Face­book пачалі абурацца фэйкавай старонкай, і стваральнікі былі вымушаны абмежаваць магчымасці допісаў і каментавання. Перад тым былі выдалены ўсе запісы іншых карыстальнікаў.

    Да гонару Fb-сяброў Паўла Левінава, на правакацыю не павёўся ніводзін чалавек, хаця пра спробы “пасябраваць” заяўлялі многія. Некаторым людзям спасылкі на ролікі з кампраматам нехта Pavel Levi­noff дасылаў і ў прыватныя паведамленні.

    Сапраўдны Павел Левінаў напісаў скаргу кіраўніцтву Face­book, каб несапраўдны акаўнт быў выдалены. Але спробы дыскрэдытацыі працягваюцца:  відэаролік, які не атрымалася распаўсюдзіць ад імя віцебскага праваабаронцы, невядомыя “добразычліўцы”  размясцілі ў суполцы «Типичный Витебск» сацыяльнай сеткі “ВКонтакте”.

    Што да спробаў скарыстацца добрымі імёнамі незалежных журналістаў і грамадскіх актывістаў, то гэтая з’ява  ў сацыяльных сетках далёка не новая. У снежні мінулага года невядомыя выклалі ў інтэрнэт-сеціва відэаролік, дзе былі выкарыстаны матэрыялы сюжэта, паказанага на тэлеканале “Белсат”, — для дыскрэдытацыі полацкіх БАЖаўцаў, прафсаюзных актывістаў Мікалая Шараха і Віктара Стукава. Пра выпадкі, калі ў сацыяльных сетках невядомыя асобы змяшчалі абразы і паклёпніцкія звесткі, распавядалі гомельская журналістка Ларыса Шчыракова, віцебскія сябры БАЖ Алена Сцяпанава і Алена Шабуня.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці