• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Германавічах прайшоў майстар-клас па музычнай журналістыцы (ФОТЫ)

    Майстар-клас па напісанні артыкулаў на музычную тэматыку правёў для беларускіх журналістаў музыка і журналіст Ігар Палынскі. Журналісты Віцебшчыны сабраліся ў Германавічах Шаркоўшчынскага раёна, каб падвысіць свой вопыт у асвятленні музычных імпрэзаў.

    Нядаўна Ігар напісаў дыплом на тэму “Музычная журналістыка” і даследаваў музычны кантэнт у СМІ Полацкага рэгіёна. Па словах Ігара Палынскага, журналісты, калі яны не з’яўляюцца музычнымі крытыкамі, вельмі мала пішуць разгорнутых і змястоўных артыкулаў пра музыку і музыкаў.

    Паводле Ігара Палынскага, падчас падрыхтоўкі дыпломнай работы, ён правёў грунтоўнае даследаванне і зрабіў высновы, што з музычнай журналістыкай у неспецыялізаваных СМІ зусім бяда. Таму падчас майстар-класу ён пастараўся пераканаць прысутных журналістаў у тым, што ўсё ж пісаць пра музыку варта. А каб пра гэта пісаць, трэба быць у тэме.

    Ігар Палынскі з’яўляецца лідарам гурта Sumarok і працуе рэдактарам на полацкім тэлебачанні “Саміт+ТВ”, таму ў іх выходзіць каля 20 адсоткаў перадач музычнай тэматыкі. Любая музычная падзея для яго ў прыярытэце. На сваім тэлебачанні яны стараюцца рабіць сюжэты з розных творчых імпрэзаў, бо, як кажа Ігар, культура паляпшае жыццё.

    Эксперт у гэтай справе Ігар Палынскі даў і свае рэкамендацыі журналістам пры падрыхтоўцы да напісання артыкулаў на музычную тэматыку:

    • Пачытаць, што такое ўвогуле літаратурна-мастацкая крытыка і ў чым заключаюцца яе асаблівасці ў дачыненні да музыкі.
    • Звярнуць увагу на жанры, якія выкарыстоўваюцца ў музычнай журналістыцы. Ён заўважыў, што такі жанр як рэпартаж вельмі рэдка выкарыстоўваецца ў публікацыях на музычную тэматыку.
    • Калі журналіст збіраецца асвятляць тое ці іншае мерапрыемства, трэба пацікавіцца яго фарматам, выступоўцамі, іх біяграфіямі і асаблівасцямі.
    •  Пажадана знайсці кантакты музыкаў, каб з імі пагутарыць перад ці пасля канцэрту.

    Па-сутнасці, паводле Ігара Палынскага, гэта ўжо 50 працэнтаў поспеху, астатняе – тут пачынае працаваць журналісцкая вартасць аўтара.

    Як зазначае эксперт, пра альбомы і кружэлкі падрабязна не абавязкова распавядаць, бо рэцэнзіі і водгукі на гэтыя рэчы – гэта ўжо спецыялізаваная музычная журналістыка. І гэтым лепш усё ж займацца прафесіяналам, музычным крытыкам.

    Напрыканцы майстар-класу прысутныя журналісты задалі пытанні эксперту і атрымалі грунтоўныя адказы на іх. А скарыстаць парады эксперта і паспрыяць прасоўванню інтарэсаў чытачоў да бардаўскай песні прысутныя журналісты змаглі ўжо ў той дзень на фэсце бардаўскай песні ў Германавічах.

    Яго зладзіў Культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча пры падтрымцы ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці