У Гомелі на незалежных журналістаў складаюць пратаколы
Гомельская міліцыя 14 і 15 сакавіка выклікае ў пастарункі сяброў ГА “БАЖ”, якія 12 сакавіка асвятлялі ў Рагачове акцыю за адмену дэкрэту №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.
14 сакавіка а 12 гадзіне ў аддзяленне міліцыі Савецкага раёна павінен з’явіцца журналіст-фрылансер, сябра ГА “БАЖ” Яўген Меркіс – ён вёў наўпроставы рэпартаж для тэлеканалу “Белсат” падчас акцыі пратэсту. Позву міліцыя перадала праз яго маці.
– У позве напісана, што выклікаюць мяне ў якасці асобы, супраць якой вядзецца адміністрацыйны працэс, – расказаў журналіст прэс-службе ГА “БАЖ”.
Напярэдадні позна ўвечары ўчастковы таксама прынёс позву на выклік у Цэнтральны РАУС 15 сакавіка старшыні Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Анатолю Гатоўчыцу, які таксама быў у Рагачове ад інфармацыйнай кампаніі “БелаПАН” падчас нядзельнай акцыі пратэсту.
– У адрозненне ад Яўгена, у мяне пазначана, што выклікаюць у сувязі з адміністрацыйным парушэннем паводле артыкула 23.34 КаАП. А гэта – парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў, – распавёў Анатоль Гатоўчыц.
Заява ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» у сувязі з затрыманнямі журналістаў 12 сакавіка і судовымі працэсамі над імі
Журналістку Галіну Абакунчык пакаралі штрафам у 25 базавых велічынь
Журналістку Кацярыну Бахвалаву ў Оршы асудзілі да штрафу ў 30 базавых велічынь
