У Гомелі прайшоў майстар-клас па відэажурналістыцы
Гомельская філія ГА “БАЖ” на выходных арганізавала для сваіх сяброў і блогераў майстар-клас на тэму “Відэарэпартаж: пішам сцэнар, здымаем, мантажуем”. Гэта адна з тэм практычнага навучання, вызначаных у снежні 2015 года на выніковым сходзе кіраўнікоў БАЖаўскіх філій і суполак.
“Цяпер кожны інфармацыйны рэсурс імкнецца быць мультымедыйным – гэта патрабаванне часу. Таму сябры нашай філіі і пажадалі зладзіць такі майстар-клас”, – адзначае кіраўнік Гомельскай філіі ГА “БАЖ” Анатоль Гатоўчыц.
Трэнерамі выступалі Аляксандр Коктыш і Ірына Арахоўская.
Жыхары вуліцы Палескай ў Гомелі нямала здзівіліся, калі на ёй з’явілася каля дзясятка журналістаў з відэакамерамі і фотаапаратамі, каб зняць хвілінны відэасюжэт пра вуліцу. (Такім было практычнае заданне трэнераў.)
“Для мяне асабіста было нечаканасцю, што так па-майстэрску можна зрабіць дынамічны рэпартаж, калі ў распараджэнні ёсць, напрыклад, толькі фотаздымкі. Думаю паспрабаваць свае сілы і ў гэтым накірунку”, – падзялілася ўражаннямі ўдзельніца майстар-класу, сябра ГА “БАЖ” Марына Драбышэўская.