• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Гомелі судовы выканаўца спаганяе штрафы з журналістаў праз старонку ў “Одноклассниках”

    Гомельская журналістка-фрылансер, сябра ГА“БАЖ” Ларыса Шчыракова атрымала паведамленне ў сваім профілі ў сацыяльнай сетцы “Одноклассники” ад судовага выканаўцы Гомельскага раёна Дзмітрыя Калодзіна з прапановай неадкладна сплаціць штрафы. У іншым разе судовы выканаўца пагражае абмежаваць права Шчыраковай на кіраванне аўтатранспартам і забараніць выезд за межы Рэспублікі Беларусь.

    Гэта першы такі зварот праз сацыяльныя сеткі да журналісткі. Раней пасля судовых штрафаў Шчыракова атрымлівала падобнае папярэджанне на фірмовым бланку з пячаткай установы.

    — Лічу судовага выканаўцу Калодзіна вельмі актыўным і крэатыўным супрацоўнікам. Мне нават стала крыху няёмка, бо штрафы за так званую падрыхтоўку відэаматэрыялаў для тэлеканалу “Белсат” без акрэдытацыі я даўно сплаціла, а квітанцыі судоваму выканаўцу не перадала. Існуе, праўда, адзін істотны нюанс у ініцыятыве судовага выканаўцы: такі зварот не гарантуе, што інфармацыя дойдзе да адрасата, паколькі профіль са здымкам у сацыяльных сетках з любым прозвішчам можа стварыць хто заўгодна. У такім разе інфармацыя, якая тычыцца толькі мяне, стане вядома іншаму чалавеку,— гаворыць Ларыса Шчыракова.

    Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што начальства павінна прыгледзецца да Дзмітрыя Калодзіна як да стараннага і руплівага працаўніка:

    — Калі б ён быў маім падначаленым, я даў бы яму прэмію. Бо ніякага парушэння працэдуры спагнання штрафу з боку судовага выканаўцы няма. Судовы выканаўца мае права розным чынам спаганяць штрафы з вінаватага. Ён адсочвае, ці ёсць грошы на рахунку чалавека. Можа накласці арышт на транспартны сродак, апісаць іншую маёмасць. Час не стаіць на месцы. Цяпер з’явілася магчымасць камунікаваць з вінаваўцамі праз сацыяльныя сеткі. Абразы журналісткі на старонцы ў “Одноклассниках” не было — судовы выканаўца ветліва нагадаў, што трэба разлічыцца з дзяржавай, бо інакш будуць ужытыя рэпрэсіўныя захады.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці