У Гродне — “Шчырая фатаграфія” Аляксандры Зензінай ШМАТ ФОТА
У гродзенскім “Цэнтры гарадскога жыцця” адкрылася выстава „Шчырая фатаграфія” маладой фотамастачкі Аляксандры Зензінай. На здымках – людзі, партрэты жывёлаў і адносіны між людзьмі.
Для аўтаркі адкрыццё фотавыставы было сюрпрызам, бо выставу падрыхтавалі калегі па прафесіі, гродзенскія фатографы. Аляксандру Зензіну запрасілі ў Цэнтр гарадскога жыцця сяброўкі, і яна нават не ведала, што там будуць яе працы.
Аляксандра, якая большасць свайго часу аддае валанцёрскай працы з дзеткамі, была вельмі здзіўленая падборцы здымкаў.
— Я вельмі ўдзячная сваім сябрам, што яны сабралі гэтыя працы. І працы даволі вартыя, каб іх павесіць ў самым цэнтры Гародні, тут у “Крызе”, — кажа Аляксандра.
Ілля Гелей, прызёр розных фотаконкурсаў і фотавыставаў і адзін з самых вядомых гродзенскіх фатографаў, зазначае, што для яго было гонарам дапамагаць у зборы здымкаў для гэтай выставы:
— Праца над выставай адбывалася цягам апошняга месяца. Аляксандра — чалавек вельмі сціплы, мы чакалі, што яна сама зробіць сваю першую фотавыставу. Але відаць, каб мы не папрасілі сабраць здымкі тых людзей, якіх яна фатаграфавала і людзі не прынеслі іх у галерэю – гэтай выставы не было б. Людзі далі нам па некалькі здымкаў і менавіта з іх і склалася гэтая экспазіцыя.
Выстава Аляксандры Зензінай будзе працаваць у Гродне да 3 снежня.
