У Гродне сілавікі зноў шукалі Валерыя Руселіка — прыходзілі да маці журналіста
Двое ў цывільным прыйшлі да маці журналіста Валерыя Руселіка пад вечар 9 красавіка. Распытвалі, ці кантактуе яна з сынам, дзе ён зараз знаходзіцца, ці збіраецца вяртацца ў Беларусь.

Фото: Daroha Via / Facebook
Паводле Валерыя Руселіка, гэтыя пытанні сталі ўжо стандартнымі падчас такіх візітаў. А самі візіты сталі рэгулярнымі: супрацоўнікі МУС прыходзілі да маці журналіста і месяц таму, і перад апошнімі прэзідэнцкімі выбарамі.
Праўда, гэтым разам былі і новыя, нечаканыя пытанні. «З новага — ці ёсць у мяне татуіроўкі і шнары, а таксама які ў мяне рост», — піша на сваёй старонцы ў Facebook Валерый Руселік.
Верагодна, гэта спатрэбілася для ўдакладненняў у міліцэйскай арыенціроўцы. І цяпер можна чакаць з’яўлення партрэта з такім апісаннем на стэндзе «Іх шукае міліцыя», мяркуе журналіст.
Калі мэта сапраўды такая, то з аб’явы на стэндзе можна будзе нарэшце даведацца, якую крымінальную справу распачалі супраць Руселіка ў Беларусі. Пакуль вядома толькі тое, што такая справа ёсць. Прынамсі, так міліцыянты кажуць сваякам Валерыя, калі чарговы раз прыходзяць з роспытамі, дзе ён знаходзіцца і чым займаецца.
Некалькі апошніх гадоў Валер Руселік жыве за мяжой, ён вядомы як журналіст і аўтар YouTube-канала Daroha. Нядаўна, пасля двух з паловай гадоў перапынку, Валерый вярнуўся на тэлеканал «Белсат», дзе працаваў раней. Гэтая навіна разышлася ў публічнай прасторы, але журналіст не звязвае з ёй апошні візіт сілавікоў да маці, бо да яе прыходзілі і раней, як і да іншых блізкіх сваякоў журналіста. І гэтыя рэгулярныя з’яўленні няпрошаных гасцей у любы час сутак Валерый называе няйнакш як «тэрарызаваннем».
У Беларусі «не забываюць» і пра яго блогерскую дзейнасць. 7 ліпеня 2023 года суд Ленінскага раёна Гродна прызнаў экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй змест сацыяльных сетак Валера Руселіка. Тады ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае Міністэрства інфармацыі, трапілі Тэлеграм-канал «darohа», Тэлеграм-чат «daroha Chat», YouTube-канал «daroha», акаўнт у TikTok «daroha», старонкі з такой назвай у Instagram, Twitter і Facebook. «Экстрэмісцкімі» былі прызнаныя нават лагатыпы, выкарыстаныя Валерам Руселікам ў гэтых сацыяльных сетках.
2 жніўня 2023 года ўвесь праект «Daroha» быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне прыняло Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. На сайце ведамства ў Пераліку арганізацый, фармаванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці асобна пазначанае імя аўтара праекта — Руселіка Валерыя Віктаравіча.
Паводле дзеючага беларускага заканадаўства, асобы, прызнаныя ўдзельнікамі экстрэмісцкага фармавання, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці па артыкулах «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім» (арт. 361–1 КК) ці за «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361–4 КК).
