У Гродне судзяць адразу трох журналістаў
У судзе Ленінскага раёна Гродна 22 красавіка адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы журналістаў-фрылансераў, сябраў ГА “БАЖ” Алеся Дзянісава, Аляксея Кайрыса і Касі Ляўдацкай. Усіх трох абвінавачваюць у незаконным вырабе прадукцыі сродку масавай інфармацыі (ч. 2 арт. 22.9 КаАП РБ). Суддзя Дзмітрый Бубенчык заслухаў тлумачэнні абвінавачаных і паказанні сведак. Пасля некалькіх перапынкаў працяг судовага слухання перанесены на сераду, 24 красавіка.
Упершыню за вельмі працяглы час у Гродне судзяць адразу трох журналістаў. Падставай для масавага адміністрацыйнага пераследу стаў паказаны на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат” відэарэпартаж з вёскі Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна. У гэтай вёсцы нарадзіўся сусветна вядомы рок-музыка Чэслаў Неман.
Алесь Дзянісаў атрымаў позву з міліцыі яшчэ 26 сакавіка, у выніку на яго склалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні — незаконным вырабе прадукцыі СМІ. Старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі Шчучынскага РАУС маёр міліцыі Сяргей Матукевіч, які праводзіў тады апытанне журналіста, асабіста прысутнічаў падчас судовага пасяджэння.
У судзе Алесь Дзянісаў, Аляксей Кайрыс і Кася Ляўдацкая засведчылі, што насамрэч прысутнічалі 16 лютага ў вёсцы Старыя Васілішкі, аднак сваю датычнасць да стварэння згаданага вышэй відэарэпартажу катэгарычна абверглі.
Сведкамі на судовым працэсе выступілі загадчык клуба-музея Чэслава Немана Уладзімір Сянюта і жыхар Старых Васілішак Тамаш Маркевіч. Іх сведчанні істотна разышліся з паказаннямі, якія яны раней далі шчучынскай міліцыі.
У судзе сведкі не змаглі ні апазнаць журналістаў, ні пацвердзіць, што менавіта Дзянісаў, Кайрыс і Ляўдацкая прымалі ўдзел у стварэнні рэпартажу пра Чэслава Немана.
Падчас судовага слухання быў арганізаваны прагляд сюжэта. Паказальна, што ў тытрах аўтарамі гэтага відэаматэрыялу ўказаныя абсалютна іншыя людзі. Пасля некалькіх тэхнічных перапынкаў, якія сумарна доўжыліся больш за паўтары гадзіны, суддзя перанёс разгляд справы.
Працяг судовага працэсу адбудзецца 24 сакавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна, пачатак а 14.30.
Гродзенскіх журналістаў прыйшлі падтрымаць калегі, мясцовыя праваабаронцы і грамадскія актывісты.