У гродзенскім Парку Жылібера з’явілася алея з дрэваў, пасаджаных журналістамі
На тэрыторыі былога батанічнага саду прадстаўнікі СМІ Гродзеншчыны садзілі дрэвы. Да іх далучылася рэдакцыя адзінага ў горадзе беларускамоўнага інтэрнэт-выдання — Hrodna.life.
“У працяг справы Наталлі Канюк — гарадзенскай краязнаўцы і журналісткі, якая пры сваім жыцці зрабіла вельмі шмат для адраджэння батанічнага саду Жылібера, гродзенскія СМІ вырашылі пасадзіць такую “Алею медыя”, — распавядае пра акцыю рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота. — Гэта была ідэя Сяргея Мазайла з мясцовага тэлебачання “Гродна+”. Да ўдзелу запрасілі і дзяржаўныя, і прыватныя медыя, нас таксама. Цяпер у кожнага СМІ ёсць сваё дрэва, мы камандай рэдакцыі пасадзілі некалькі вербаў”.
Падчас акцыі журналісты Hrodna.life дапамаглі і галоўнаму архітэктару горада ў пасадцы ягаднай яблыні. Апроч журналістаў ў той дзень у пасадцы дрэў прынялі ўдзел таксама студэнты і выкладчыкі гродзенскіх ВНУ.
