У Грузіі працягваюцца пратэсты і жорсткія затрыманні. Колькасць арыштаваных журналістаў расце
У Батумі была арыштавана заснавальніца і дырэктарка мясцовых выданняў Batumelebi і Netgazeti Мзія Амаглабелі, а таксама аператар Batumelebi Гурам Мурванідзэ.
11 студзеня Мзію Амаглабелі затрымалі падчас акцыі пратэста каля Галоўнага ўпраўлення паліцыі Батумі. Як перадае выданне Netgazeti, там дырэктарка СМІ наклеіла налепку з заклікам «Бастуй».
Медыйшчыцу абвінавацілі па адміністрацыйным артыкуле за супраціў паліцыі і дробнае хуліганства. Яе калегі адразу ж сабраліся перад будынкам урадавай канцылярыі, каб выказаць пратэст супраць арышту Амаглабелі. У знак салідарнасці з журналісткай яны прыклейвалі ў двары будынка такія ж сцікеры, як і той, за які дырэктарку СМІ арыштавалі.
Спадарыню Амаглабелі адпусцілі ў ноч на 12 студзеня пад падпіску аб нявыездзе, дадае «Радыё Свабода». Пасля гэтага журналістка вярнулася на акцыю пратэсту.
Прыкладна праз дзве гадзіны пасля першага інцыдэнту, дырэктарку затрымалі ізноў.
Гэтым разам яе абвінавацілі ўжо па крымінальным артыкуле — аб гвалце над паліцэйскім. Па версіі МУС, спадарыня Амаглабелі ўдарыла кіраўніка батумскай паліцыі, калі той спрабаваў затрымаць удзельнікаў акцыі пратэсту.
Медыйшыца ж падкрэслівае, што тое здарылася выпадкова: яна ўсяго спрабавала вызваліць руку, калі яе арыштоўвалі ў другі раз.
Аператара Batumelebi Гурама Мурванідзэ затрымалі 12 студзеня на акцыі пратэсту каля канстытуцыйнага суда, паведамляе Tbilisi life. Гэта было зроблена па ўказанні начальніка батумскай паліцыі Іраклі Дгебуадзэ. Журналіст сцвярджае, што пазней, у паліцэйскай машыне, у яго забралі тэлефон і зневажалі. Аператара адправілі ў ізалятар у Поці. Супраць яго вядзецца адміністрацыйная справа.
Хроніка пратэстаў
Пасля заявы прэм’ер-міністра Грузіі Іраклія Кабахідзэ пра прыпыненне інтэграцыі з Еўрасаюзам да 2028 года, з 28 лістапада 2024 года ў краіне праходзяць масавыя пратэсты.
Грузінскае кіраўніцтва адказала жорсткім падаўленнем мірных акцый пратэсту, катаваннямі і жорсткім абыходжаннем з пратэстоўцамі, мэтанакіраваным пераследам журналістаў.
Тбілісі спыніў перамовы аб уступленні ў Еўрасаюз на фоне парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка 2024 года, якія грузінскія назіральнікі лічаць сфальсіфікаванымі. Новыя ўлады праігнаравалі заклікі міжнароднай супольнасці правесці новыя выбары, а на пратэсты, у якіх, па некаторых падліках, удзельнічалі да 200 тысяч чалавек, адказалі фізічным гвалтам.
Больш за 30 праваабарончых арганізацый, у тым ліку і Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), заклікалі ўлады Грузіі спыніць жорсткае падаўленне пратэстаў і выконваць міжнароднае права.
Падпісанты дакумента заклікаюць міжнародную супольнасць аказаць ціск на ўлады Грузіі, каб яны спынілі гвалт і жорсткае абыходжанне з пратэстоўцамі.