У Грузію не пусцілі беларускага актывіста і блогера Змітра Грынкевіча
Беларускі актывіст і блогер, аўтар YouTube-канала «ЗУХ Zmicier» Зміцер Грынкевіч апошнія два гады жыў у Батумі. У чацвер, 8 траўня, ён паехаў на візаран у Арменію. На зваротным шляху яго не ўпусцілі ў Грузію.

Зміцер Грынкевіч. Фота: Андрея Мялешкі
Зміцер выяўджаў разам з кампаніяй сяброў. Як распавёў журналіст Андрэй Мялешка, якога таксама не ўпусцілі ў Грузію ў верасні 2024 года, ужо на выездзе з Грузіі Змітра пратрымалі паўгадзіны падчас праверкі пашпарта. На зваротным шляху яго затрымалі на 1,5 гадзіны, пасля чаго ўручылі дакумент аб забароне на ўезд па «іншых прычынах».
Сяброў Змітра пусцілі ў Грузію, аднак папярэдзілі, што ў іх мусіць быць від на жыхарства.
«Зміцер цяпер на сувязі з праваабаронцамі. Хоча выязджаць з Арменіі, падавацца там на прытулак не плануе. Праваабаронцы мяркуюць, што гэта накіраваная на беларусаў кампанія, бо цяпер не ўпускаюць менавіта беларусаў і ў Сарпі на грузінска-турэцкай мяжы, і на армянскай мяжы», — кажа Андрэй Мялешка.
У Грузіі ў Змітра Грынкевіча засталося зарэгістраванае індывідуальнае прадпрыемства: ён займаўся продажам беларускай і ўкраінскай сімволікі. Таксама беларускі грамадзянскі актывіст вёў блог «ЗУХ Zmicier» на YouTube, у якім распавядаў пра сітуацыю ў Грузіі, як там жывуць беларусы і ўкраінцы.
«Відавочна, актыўныя сябры беларускай дыяспары ў Грузіі ідэнтыфікуюцца спецыяльнымі службамі: і МУС, і СДБ, і ўносяцца ў гэты чорны спіс, пасля якога візаран для чалавека становіцца нерэальным», — мяркуе праваабаронца Раман Кісляк, якому Грузія адмовіла ў прытулку і за права на які беларус судзіцца ўжо другі год.
Кісляк раіць актыўным і заўважным беларусам, якія яшчэ застаюцца ў Грузіі, ці з’язджаць у іншую бяспечную краіну, ці падавацца ў Грузіі на міжнародную абарону, калі няма іншых прававых падстаў для знаходжання на тэрыторыі краіны. Бо візаран цяпер, паводле праваабаронцы – «гэта латарэя».
Цягам 2023 – 2024 гадоў колькасць грамадзян Беларусі ў Грузіі зменшылася больш чым на тысячу чалавек. Станам на 1 студзеня 2025 года ў Грузіі жылі 12 808 беларусаў. З 2021 года ў краіну ўехалі 20 952 чалавека, выехалі — 8 144.
За апошнія 5 гадоў грузінскія ўлады не задаволілі ніводнага прашэння ад грамадзян Беларусі на наданне прытулку. Таксама за гэты час адбылося некалькі выпадкаў, калі беларусаў не ўпускалі ў краіну пасля візарану (кароткатэрміновага выезду з краіны дзеля абнаўлення тэрміну легальнага прабывання).
Грузія робіць больш жорсткім сваё заканадаўства і пашырае спіс падстаў, паводле якіх цяпер можна будзе дэпартаваць замежнікаў. Так, выдварыць і забараніць уезд у краіну на тэрмін ад 2 да 20 гадоў ці нават пажыццёва цяпер змогуць за дробнае хуліганства, непадпарадкаванне паліцыі, абразу службовай асобы, удзел у несанкцыянаваных акцыях.
