У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўключылі TikTok-акаўнт «Бюро Медыя»
9 кастрычніка Міністэрства інфармацыі Беларусі ў чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
У спіс уключылі TikTok-акаўнт з назвай «buromedia» (ідэнтыфікатар tiktok.сom/@buromedia) і лагатып гэтай старонкі. Паводле апісання на сайце ведамства, ён выглядае як «выява загалоўных літар белага колеру “БЮРО” ў цэнтры чорнага поля».
Таксама «экстрэмісцкім» абвешчаны ўвесь візуальны матэрыял з выявай або тэкстам «buromedia» на любых носьбітах, у тым ліку на лічбавых фота- і відэавыявах, на сцягах, транспарантах, эмблемах, налепках і гэтак далей.
Апаведнае рашэнне ў дачыненні выдання прыняў 7 кастрычніка 2025 года суд Ленінскага раёна Гродна.
Анлайн-выданне «Бюро Медыя» напрыканцы лістапада 2023 года стварылі беларускія журналісты-расследавальнікі ў выгнанні. «Мы выкрываем тых, хто выкарыстоўвае грошы і ўладу на шкоду грамадству. Мы знаходзім і расследуем схемы з прыкметамі карупцыі, каб наблізіць перамены да лепшага», — так акрэслівае мэты сваёй дзейнасці каманда медыяпраекта.
Рашэннем Камітэта дзяржбяспекі Беларусі ад 1 красавіка 2025 года «група журналісцкага праекта «Бюро Медыя» прызнаная «экстрэмісцкім фармаваннем».
31 студзеня 2024 года суд Чыгуначнага раёна Гомеля пастанавіў лічыць экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй сайт інтэрнэт-выдання «Бюро Медыя», Instagram-старонку «buromedia_by», Теlеgram-каналы «Бюро» і «Buro Media», старонку «Бюро | Buro» ў сацсетцы Twitter.
