Абнаўленні ў «экстрэмісцкім спісе»: акаўнты Дзмітрыя Гардона — цяпер ужо афіцыйна
Увечары 28 лютага Міністэрства інфармацыі абнавіла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Дзмітрый Гардон, 2021 год. Фота: facebook.com/nashlive.ua
Раней пра тое, што сацсеткі Дзмітрыя Гардона прызнаны «экстрэмісцкімі», паведамлялі Telegram-каналы, блізкія да сілавікоў. Цяпер на сайце ведамства дакладна пералічаны ўсе інтэрнэт-рэсурсы ўкраінскага журналіста, якія суд Цэнтральнага раёна Мінска 26 лютага прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй:
- Telegram-канал «Дмитрий Гордон»,
- старонка ў Instagram «Дмитрий Гордон»,
- старонка ў Х «Дмитрий Гордон»,
- старонка ў Facebook «Дмитрий Гордон»,
- старонка ў Tik Tok «Дмитрий Гордон»,
- YouTube-канал «Дмитрий Гордон»,
- Cайт інтэрнэт-крамы «GORDON SHOP».
На сайце Мінінфарма пералічаныя і іншыя інфармацыйныя рэсурсы, што на мінулым тыдні былі абвешчаныя рашэннямі судоў «экстрэмісцкімі».
Сярод іх TikTok-канал «Новости Беларуси — TUT BY» (ідэнтыфікатар @newsbelby). Ён прызнаны «экстрэмісцкім» рашэннем суда Вілейскага раёна Мінскай вобласці ад 27 лютага.
Суд Крупскага раёна Мінскай вобласці 27 лютага паставіў лічыць «экстрэмісцкім» акаўнт у TikTok з назвай «infobel» і ідэнтыфікатарм @infobel_.
У адпаведнасці з рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 27 лютага ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапіла старонка ў Х з назвай Dżmitry Hurniević. Старонка мае ідэнтыфікатар x.com/humievic
і належыць беларускаму журналісту Дзмітрыю Гурневічу. Месяц таму суд Ленінскага раёна Брэста абвесціў «экстрэмісцкай» акаўнт журналіста ў Facebook.
