Абнаўленні ў «экстрэмісцкім» спісе: старонка «Тэлеканал Белсат», кнігі Сяргея Навумчыка, Instagram-аккаунт 71-гадовай блогеркі
У абноўлены Рэспубліканскі спіс экстрэмістцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі ўвайшлі інтэрнэт-рэсурсы, прызнаныя «экстрэмісцкімі» цягам мінулага тыдня.

Сяргей Навумчык і пяць кніг пра кожны з гадоў — з 1991 па 1995 год. Фота: Uladz Hrudzin, RFE/RL
Паводле рашэння суда Столінскага раёна Брэсцкай вобласці ад 13 лютага «экстрэмісцкім» прызнаны змест акаўнта brest-region у TikTok (ідэнтыфікатар на сайце не ўказаны).
У той самы дзень суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай» старонку з назвай minsk_new.s у Instagram (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/minsk_new.s/). «Экстрэмісцкім» прызнаны і лагатып старонкі — паводле апісання на сайце ведамства ён выглядае як «надпіс «ВАЖНЫЕ НОВОСТИ» на фоне зямнога шара сіняга колеру».
13 лютага суд Ленінскага раёна Гродна пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» прыватны Telegram-канал «Вестник Михеева: Беларусь и мир» з ідэнтыфікатарам https://t.me/belarusian_herald. Гэта рэсурс, на якім транслююцца навіны з Украіны і Беларусі, на яго падпісаны ўсяго 20 чалавек.
Суд Заводскага раёна Мінска 11 лютага прыняў рашэнне лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» кнігі журналіста Сяргея Навумчыка «Дзевяноста другi» і «Дзевяноста трэці», якія выйшлі ў выдавецтве «Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода» ў 2017 годзе.
10 лютага суд Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» кантэнт, размешчаны ў группе «Тэлеканал «Белсат» у сацсетцы «Одноклассники»» ( ідэнтыфікатар https://ok.ru/group/53990714703879).
У той самы дзень суд Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы прызнаў «экстрэмісцкім» Instagram-аккаунт aliaksandrakhanevich з ідэнтыфікатарам https://www.instagram.com/aliaksandrakhanevich. Аляксандра Ханевіч — 71-гадовая блогерка, якая была вымушана эміграваць з Беларусі.
