У Кыргызстане пачалі блакаваць TikTok
Большасць мабільных аператараў і інтэрнэт-правайдэраў Кыргызстана абмежавалі доступ да сацсеткі TikTok, паведамляе Kaktus.Media са спасылкай на мясцовых карыстальнікаў.

Фота: SOPA Images — Getty
Блакіроўка адбылася 17 красавіка 2024 года. Рашэнне было прынятае на падставе ліста ад Дзяржкамітэта нацыянальнай бяспекі Кыргызстана «у мэтах недапушчэння прычынення шкоды здароўю дзяцей, іх інтэлектуальнаму, псіхічнаму, духоўнаму і маральнаму развіццю».
Спробы блакіроўкі TikTok у Кыргызстане былі і раней. У жніўні 2023 года Міністэрства культуры вырашыла спыніць дзейнасць сэрвісу. Ініцыятыва выклікала неадназначную рэакцыю ў грамадстве — сваё меркаванне выказалі палітыкі, блогеры і простыя кыргызстанцы. У той жа час Міністэрства лічбавага развіцця папрасіла правайдэраў неадкладна прыняць меры па блакіроўцы сацсеткі.
У канцы 2023 года ў Мінлічбы заявілі, што сацсетка пакуль не заблакаваная з‑за шэрагу прычын. Раней прадстаўнікі профільных ведамстваў сустракаліся з рэгіянальным дырэктарам TikTok, які спецыяльна для гэтага прылятаў у Бішкек.
