• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Магілёве затрымалі журналіста Уладзіміра Лапцэвіча — адбываць неадбытыя суткі

    Вечарам 6 лістапада ў Магілёве быў затрыманы журналіст інтэрнэт-партала “Магілёўскі рэгіён” Уладзімір Лапцэвіч. Жонка Лапцэвіча распавяла калегам, што журналіста затрымалі каля яго пад’езда. Ён паставіў машыну і ішоў дадому, а міліцыя яго даўно чакала (сказалі суседзі).

    Па словах жонкі, яна разам з сынам добра бачылі момант затрымання з вакна ўласнай кватэры. Журналіст быў абураны дзеяннямі супрацоўнікаў міліцыі. Сын паспеў зняць відэа, як магілёўскія праваахоўнікі затрымліваюць бацьку і садзяць яго ў міліцэйскі аўтамабіль.

    Адразу пасля затрымання Лапцэвіча даставілі ў Ленінскі РАУС г.Магілёва. Там журналіст знаходзіўся на працягу некалькіх гадзін, пасля чаго яго накіравалі ў ІЧУ УУС Магілёўскага аблвыканкама.

    Падчас гутаркі з праваабаронцам Барысам Бухелем супрацоўнікі Ленінскага РАУС паведамілі, што Лапцэвіча затрымалі па прычыне таго, што ў яго ёсць “неадбытыя суткі адміністрацыйнага арышту”. Праваабаронца адзначыў, што супрацоўнікі міліцыі дазволілі сыну журналіста перадаць яму патрэбныя рэчы.

    Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў, 5 жніўня, Лапцэвіч быў затрыманы нібыта за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі. Суд Ленінскага раёна Магілёва пакараў журналіста 12 суткамі арышту. Аднак журналіста выпусцілі датэрмінова 15 жніўня, разам з іншымі затрыманымі, у сувязі з пратэстамі грамадскасці супраць жорсткіх затрыманняў у Магілёве пасля прэзідэнцкіх выбараў.

    Такім чынам, у Лапцэвіча нібыта сапраўды засталіся неадбытымі двое сутак арышту. Аднак пра іх праваахоўнікі чамусьці ўзгадалі толькі зараз, хоць суд Ленінскага раёна Магілёва 30 верасня зноў караў журналіста 13 суткамі адміністрацыйнага арышту па абвінавачанні ў парушэнні арт.23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах). Лапцэвіч адбыў тое пакаранне цалкам, і тады ніхто з праваахоўнікаў не ўзгадваў пра нібыта “неадбытыя суткі”.

    Калегі Лапцэвіча мяркуюць, што журналіста адмыслова ізалявалі на выхадныя, каб не даць яму магчымасці паўдзельнічаць у асвятленні акцый пратэсту ў Магілёве.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці