У Магілёве жорстка затрымлівалі мясцовага блогера
У Магілёве 16 снежня супрацоўнікі міліцыі правялі брутальнае затрыманне мясцовага блогера Андрэя Бодзілева. Інцыдэнт адбыўся раніцай, калі ён ехаў на таксі на працу.
Паводле слоў Бодзілева, усё было вельмі хутка: нечакана аўтамабіль падрэзаў чорны мікрааўтобус, з якога выскачылі некалькі чалавек у чорнай форме і ў масках, падбеглі да таксі і літаральна вывалаклі яго з салона.
Пасля гэтага ў кватэры блогера правялі ператрус — міліцыянтаў цікавіла камп’ютарная тэхніка і носьбіты інфармацыі, далей Бодзілева даставілі на допыт. Зараз ён знаходзіцца на волі.
Як распавёў Андрэй Бодзілеў карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”, падставай для яго затрымання і ператрусу стала крымінальная справа, распачатая пасля з’яўлення дроту на чыгуначных рэйках дзесьці ў Магілёве. Следствам займаецца магілёўскі аддзел ГУБАЗіК МУС РБ.
Бодзілеў праходзіць па гэтай крымінальнай справе сведкай.
Андрэй Бодзілеў з’яўляецца адміністратарам магілёўскага YouTube-канала “Свободный беларус” і аднайменнага telegram-канала. Кажа, што апошнім часам у Telegram заходзіў вельмі рэдка, тым часам у чаце хтосьці змясціў заклік да супрацьпраўных дзеянняў на чыгунцы. Блогер сцвярджае, што нават і не бачыў гэты допіс.
Раней супрацоўнікі міліцыі некалькі разоў ужо затрымлівалі Бодзілева за асвятленне акцый пратэсту ў Магілёве.