У Магілёве журналістаў-фрылансераў не пусцілі на прэс-канферэнцыю, прысвечаную экалагічнай сітуацыі ў рэгіёне
Журналістаў-фрылансёраў, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат”, не пусцілі на прэс-канферэнцыю, прысвечаную экалагічнаму становішчу на тэрыторыі Магілёўскай вобласці.
Прэс-канферэнцыя адбылася 17 студзеня ў будынку Магілёўскага аблвыканкама. Асноўная ўвага надавалася сітуацыі на пакуль яшчэ непрацуючым прадпрыемстве «Омск Карбон Магілёў», дзе ў перспектыве будзе выпускацца тэхнічны вуглярод. Грамадскасць Магілёва вельмі занепакоеная магчымым пагаршэннем экалагічнай сітуацыі пры паўнавартасным запуску прадпрыемства ў эксплуатацыю.
На пытанні прэсы адказвалі кіраўнікі: Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, «Магілёўаблгідрамета», адміністрацыі СЭЗ «Магілёў», галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Магілёўскай вобласці і інш.
Журналісты “Белсата” збіраліся задаць прадстаўнікам Магілёўскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя некалькі вострых пытанняў наконт завода «Омск Карбон Магілёў», які ў лістападзе падчас пробнага пуску засыпаў наваколле слоем чорнай сажы. Аднак начальнік упраўлення па працы са сродкамі масавай інфармацыі і маладзёжнай палітыкі Алена Дзівакова (Дивакова Елена Григорьевна) адмовілася прапусціць іх у памяшканне, дзе ладзілася прэс-канферэнцыя.
Алена Дзівакова запатрабавала паказаць пасведчанні, што яны з’яўляюцца журналістамі зарэгістраванага ў Беларусі СМІ, а таксама паведаміла пра неабходнасць папярэдняй рэгістрацыі для ўдзелу ў прэс-канферэнцыі. Паколькі журналісты з’яўляюцца фрылансерамі, то неабходных пасведчанняў у іх не аказалася, што і стала фармальнай падставай для нядопуску на мерапрыемства.