• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Менску АМАП уварваўся на канцэрт. Затрыманыя каля 40 чалавек

    14 кастрычніка каля 18.00 у прастору «210 METROV» уварваліся супрацоўнікі АМАП.

    У Менску АМАП уварваўся на канцэрт. Затрыманыя каля 40 чалавек

    У гэты момант у памяшканьні праходзіў канцэрт «Min­sk edge day 2017». Каля 100 чалавек, якія на той момант прысутнічалі ў залі, пасадзілі ў аўтобусы у павезьлі ў РУУС Партызанскага раёну. Пра затрыманьні паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна».

    У ліку затрыманых актывіст Вячаслаў Касінераў, мастак Максім Пякарскі.

    Максім Пякарскі пасьпеў паведаміць праваабарончаму цэнтру «Вясна», што ў адным з аўтобусаў яго і яшчэ каля 20 чалавек паклалі на падлогу і зьбіваюць.

    Журналістка Ірына Арахоўская была на канцэрце як наведніца. Яна распавяла Радыё Свабода, што інфармацыя пра яго распаўсюджвалася ў сацсетках у адкрытым доступе.

    «Перад канцэртам я ўжо заўважыла бусы зь людзьмі ў масках і таксама пабачыла там людзей, якія звычайна ахоўваюць на акцыях у пінжаках. Я ўжо зразумела, што штосьці будзе», — кажа Ірына.

    Ірына распавяла, што спэцназ уварваўся ў памяшканьне на самым пачатку канцэрта праз «чорны ўваход».

    «Пачалі крычаць, усіх класьці на падлогу тварам уніз. Тых, хто быў бліжэй да дзьвярэй, білі нагамі. Я таксама там была. Кагосьці моцна зьбівалі. Я дык не зразумела, як трэба легчы. Прысела спачатку з тэлефонам, ён у мяне стаў выбіваць тэлефон, крычаць „пакладзіся нармальна“. А я не разумела, як „нармальна“, таму можа мне і дасталося».

    Пасьля гэтага, кажа журналістка, людзей паўтары гадзіны пратрымалі «на расьцяжцы» — тварам да сьцяны з узьнятымі рукамі і шырока расстаўленымі нагамі.

    «Паставілі на расьцяжку, пачалі апытваць: імя, прозьвішча, дата народзінаў, месца народзінаў. Калі яны кагосьці пазнавалі, напрыклад, Макса Пякарскага і Вячку Касінерава, то іх выводзілі. Вывелі тых, хто не зь Беларусі. Пасьля агледзелі майкі і татуяваньні, і кагосьці з патрэбных ім людзей таксама павыводзілі. Гэтыя 40 чалавек былі ў РУУС, а астатніх 57 адпусьцілі».

    Ірына Арахоўская паведаміла, што каля 22.00 гадзіны частку затрыманых з Партызанскага РУУС вывезьлі на аўтобусе. Сярод іх Максім Пякарскі. Частка затрыманых яшчэ ў РУУС.

    Пазьней Ірына Арахоўская паведаміла, што а 22‑й гадзіне з РУУС вызвалілі ўсіх затрыманых, у тым ліку грамадзянаў РФ.

    На пытаньне пра магчымыя прычыны затрыманьня ўдзельнікаў канцэрту Ірына Арахоўская адказала, што гэта можа быць запалохваньне перад акцыяй 21 кастрычніка, якую арганізоўвае Мікола Статкевіч.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці