У Менску прайшоў канцэрт памяці журналіста Вітаўта Мартыненкі
Яго называлі летапісцам беларускага року. Вітаўта Мартыненкі няма з намі ўжо тры гады, але памяць застаецца. У Менску ягоныя сябры-музыкі зладзілі адмысловы канцэрт.
Стваральнік беларускага року — так беларускія музыкі называюць Вітаўта Мартыненку. Паэт, перакладчык, публіцыст і журналіст пайшоў з жыцця 3 гады таму. З нагоды 60-годдзя сябра творцы зайгралі канцэрт ягонай памяці. Сабраліся ўсе — ад бардаў да мастадонтаў, герояў 90‑х. І не дзіўна, бо героямі ў вялікай ступені рабіў іх менавіта Вітаўт Мартыненка.
«Вітаўт быў геніяльным чалавекам, які мог і пісаць вершы, і рабіць пераклады, і дапамагаць музыкам, каб беларуская мова, каб нацыя была», — распавядае Аляксандр Плясанаў, мастак, музыка.
Ён вёў музычную старонку ў газеце «Чырвоная змена», на якой выхоўваліся пакаленні музыкаў. Разам з крытыкам Анатолем Мяльгуем зладзіў першы рок-клуб «Няміга», пазней дапамагаў дзейнасці музычнага прадзюсарскага цэнтру «БМАgroup».
«БМАgroup выдала каля двухсот дыскаў, і на кожным з іх была прадмова Вітаўта Мартыненкі», — кажа Віталь Супрановіч, прадзюсар цэнтру «БМАgroup».
Вітаўт любіў беларускі рок бескампрамісна і безумоўна рабіў усё для яго развіцця. Музыкі розных пакаленняў сталі героямі кніг «Праз рок-прызму», «222 альбомы беларускага року і не толькі», «Rock On-line». Аўтар усіх гэтых кніг — Вітаўт Мартыненка.
Алесь Таболіч, гурт «Зніч»: «Для мяне гэта носьбіт беларускай культуры і рок-культуры, які вельмі шмат зрабіў для папулярызацыі менавіта беларускамоўнай рок-культуры ў нашым грамадстве».
Алесь Камоцкі, бард: «У тыя часы, калі іншыя толькі збіраліся нешта рабіць, ён проста браў і рабіў. Ён вельмі моцна падняў і даў штуршок журналістыцы, якая абмяркоўвала і пісала пра рок, пра бардаўскую песню».
Вітаўт Мартыненка насіў куртку з надпісам «беларус» на плячах, калі пра адраджэнне нацыянальнае культуры бальшыня нават не чула. Акрамя публіцыстыкі, актыўна перакладаў рок-тэксты, таму ў гонар ягонай памяці свет пабачыў дыск песень на словы Вітаўта і ў ягоным перакладзе.
Алесь Мазанік, прадзюсар, выдавец: «Мінімум 4–5 кружэлак можна было б сабраць тэматычных. Аднак мы вырашылі выдаць найлепшае. Я бачу цікавасць да кніг Вітаўта, якіх было прададзена тысячы, і я бачу, што ягоная справа жыве і цяпер».
Вітаўт Мартыненка памёр на 58‑м годзе жыцця, пахаваны на Паўночных могілках Менску.