У Менску зьбілі журналіста «Медузы», які асьвятляў пратэсты
У Менску супрацоўнікі міліцыі зьбілі спэцыяльнага карэспандэнта «Медузы» Максіма Солапава, які асьвятляў што адбывалася ў горадзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў.
Пра гэта паведамляе Daily Storm, чые карэспандэнты таксама былі затрыманыя супрацоўнікамі праваахоўных органаў.
Журналісты патэлефанавалі ў рэдакцыю з аўтазака і распавялі, што не атрымалі сур’ёзных траўмаў, але міліцыянты «вельмі зьбілі Максіма Солапава з „Медузы“».
Журналісты Daily Storm пасьпелі паведаміць, што іх вязуць у Маскоўскае РУУС Менска, пасьля чаго сувязь з імі перарвалася.
З Максімам Солапавым «Медуза» ня можа зьвязацца з 01:30. Жонка журналіста распавяла, што ў менскім шпіталі хуткай дапамогі ёй паведамілі, што такі пацыент не паступаў. Хоць з раненьнямі, па словах мэдыкаў, яго павінны былі б адвезьці менавіта туды.
