У Мінску памёр журналіст Віктар Ледзянёў
Сёння на 85‑м годзе пайшоў з жыцця пісьменнік, драматург, журналіст, сябра БАЖ Віктар Ледзянёў.

Віктар Ледзянёў. Фота: з уласнага архіва
Віктар Ледзянёў нарадзіўся 15 студзеня 1941 года ў Адыгеі. У дзяцінстве жыў у Сібіры ў спецпасяленні для сем’яў «ворагаў народа» — яго бацьку па даносе асудзілі ў здрадзе дзяржаве. Пасля практычна ўсё жыццё жыў у Мінску.
Ён закончыў аддзел журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і застаўся працаваць на кафедры.
Працаваў у рэспубліканскай газеце «Знамя юности». Адтуль яго запрасілі на кінастудыю «Беларусьфільм»: ён прымаў удзел у стварэнні звыш 30 фільмаў.
«За ўсе больш чым 60 прамінулых гадоў не было ніводнага выпадку, праз які мог быць пасеены сумнеў у вернасці нашаму сяброўству. Вернасці цвёрдай, мужчынскай, якой навучыла яго вайна: падчас вайсковай службы пасланы ён быў ва В’етнам, пра што можна прачытаць у ягонай аповесці “В’етнамскі кактэйль”», — адзначыў у сацсетках літаратар Уладзімір Някляеў.
З перабудовай Віктар Ледзянёў з сябрамі стварылі першую ў Беларусі незалежную кінастудыю «Артэль Ф», на якой было знята 7 стужак. Пасля яе ён зладзіў відэастудыю «ВІЛ МЕДЫЯ».
Першая прыгодніцкая аповесць аўтара з’явілася ў Мінску пад назвай «Адская машина». Затым былі «Вьетнамский коктейль», «Золото самураев», «Неделя на ликвидацию», якія выйшлі ўжо ў Маскве.
Віктар Ледзянёў друкаваўся ў маскоўскім выдавецтве АСТ, ва Украіне, на Кіпры, у Швецыі ды Ізраілі. Нядаўна ў Мінску выйшла кніга «Очки», куды ўвайшлі дзве новыя п’есы, апавяданні і вершы Віктара Ледзянёва.
«Мала я ведаю такіх мужчын, якія б так любілі сваю жонку. Яна працавала ў Доме Мод. На балкончыку незвычайныя эустомы. «На дачы ў жонкі цэлы Батанічны сад», — з гонарам сказаў ён. Віктар быў настолькі цікавым чалавекам, што «пап’ем чайку пару хвілін» магло лёгка і неўзаметку расцягнуцца на дзве гадзіны. Так, людзі смяротныя. Але як жа шкада, калі сыходзіць такі чалавек», — распавяла на сваёй старонцы ў Facebook журналістка Любоў Лунёва.
Віктар Ледзянёў – сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябра незалежнага Саюза беларускіх пісьменнікаў, Саюза тэатральных дзеячоў РБ.
Развітанне з Віктарам Ледзянёвым адбудзецца ў суботу 2 жніўня а 12‑й гадзіне ў рытуальнай зале на вул. Кульман, 33 А.
