У Мінску прэзентавалі “моладзевы” нумар “Абажура” (+PDF)
Ініцыяваў падрыхтоўку спецвыпуску прэс-сакратар ГА “БАЖ” Барыс Гарэцкі. У верасні ён, атрымаўшы дазвол ад рэдакцыі “Абажура”, распаўсюдзіў у сацыяльных сетках заклік далучацца да падрыхтоўкі новага нумару ўсім ахвотным. Адгукнуліся, па словах Барыса, “трое адважных маладых хлопцаў і васьмёра дзяўчат-прыгажунь”.
“У камандзе, што пісала для гэтага нумару, ёсць сапраўды спелыя журналісты, але большасць – пачаткоўцы, – заўважыў прысутны на прэзентацыі галоўны рэдактар часопіса Уладзімір Дзюба. Па яго словах, “старой” рэдакцыі, якая даводзіла матэрыялы да ладу, было над чым папрацаваць. – Калі ў кагосьці будзе ахвота і надалей пісаць для часопіса – калі ласка. Але не левай нагой, а з адказнасцю, час ад часу зазіраючы ў слоўнікі”.
“Наш нумар не ідэальны, яго рабілі не масцітыя журналісты-карыфеі, а тыя, хто верыць, што “Абажур” можа быць вельмі цікавым”, – зазначыў Барыс Гарэцкі.
Удзельнікі сустрэчы падыскутавалі пра тэматыку часопіса. Галоўны рэдактар перакананы, што “Абажуру” нельга абмяжоўвацца толькі журналісцкімі праблемамі, бо гэта стоміць чытача і будзе яму нецікава. “Моладзевая рэдакцыя” лічыць, што карпаратыўны БАЖаўскі часопіс павінен быць прысвечаны журналістам і журналістыцы, бо іншыя тэмы можна знайсці на старонках іншых грамадска-палітычных СМІ. Барыс Гарэцкі ўпэўнены, што нагодаў хопіць – па яго словах, толькі для гэтага нумару было згенеравана каля 40 тэмаў.
Вонкавы выгляд нумару Барыс Гарэцкі таксама абгрунтаваў: “Мы лічым, што на вокладцы часопіса павінен быць чалавек. Часопіс праз вокладку павінен паказваць, што ён – пра чалавека і для чалавека. Мы хацелі змясціць на ёй, канешне ж, Святлану Алексіевіч, але яна была на вокладцы папярэдняга нумару. Таму вырашылі паставіць фота сябры нашага творчага калектыву, выдатнай журналісткі і прыгажуні Настассі Рэзнікавай, якая рыхтавала для нумару інтэрв’ю з маладой журналісцкай сям’ёй Адар’і Гуштын і Ягора Марціновіча. Хоць на гэтай вокладцы мог быць кожны з вас. Мы перакананыя, што кожны чалавек нясе ў сваёй асобе нешта непаўторнае, нешта вельмі цікавае для грамадства”.
Навагодні “моладзевы” нумар “Абажура” ўжо даступны на нашым сайце ў PDF-фармаце.
У гэтым выпуску:
Святлана Алексіевіч:
«Будзьце годнымі журналістамі!»
Як «Гавары праўду!» перакруціла словы Алексіевіч і чаму ім за гэта нічога не будзе
Б. Гарэцкі
Што рабіць, калі ніхто не вінаваты?
С. Нікалюк
Пра спіраль маўчання і прапаганду, якая робіць жыццё ўлады больш лёгкім
«Еўрарадыё» без купюр
Г. Мызенка
Замежная прэса пра Беларусь: біятлон, гарадзенскія чаўнакі на Майдане і хто хоча Бацьку
Былая савецкая рэспубліка ў лідэрах Doing Business: місія выканальная
Н. Яўмен
Данбас бяднее і дэ-факта становіцца часткай Расіі
Ю. Карманаў
Сяргей Гудзілін:
«У 2016‑м будзем паболей здзіўляць адзін аднаго!»
Маленькая журналістка вялікага горада
Н. Шабанава
Уявіце, што Facebook і «ВКонтакте» не існуюць
П. Свярдлоў
«Адначасова пішам хвалебныя оды і зневажаем людзей»
Н. Рэзнікава
На перадавой трэвэл-журналістыкі
Т. Данілушкіна
Каір і Воля
Вадзім Заміроўскі:
«На World Press Photo можа перамагчы добра зробленая human story»
Шанз-Элізэ vs Елісейскія палі
Н. Мацяш
Асновы «ненарматыўнай» журналістыкі
Кекс з рэдактарам
Л. Каспяровіч
«Нават калі я адпачываю, першы тыдзень праходзіць нармальна, а потым у галаве пачынаюць круціцца сюжэты…»
Як байдаркі ўратоўваюць ад інфармацыйнага «перадозу»
В. Чаплева
Журналісцкі гараскоп на 2016 год