• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У Нарвегіі да Дня свабоды прэсы выдалі газету з артыкулам Дзяніса Івашына

    Нарвежская гандлёвая сетка Narvesen адзначае Сусветны дзень свабоды прэсы выданнем газеты, якая цалкам складаецца з артыкулаў, забароненых да публікацыі ў краінах іх паходжання. Выпуск падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з Нобелеўскім цэнтрам міру. Беларусь у выпуску прадстаўленая фрагментам расследавання журналіста Дзяніса Івашына пра былых украінскіх спецназаўцаў на службе рэжыму Лукашэнкі.

    Фота: Ганна Любакова

    Нарвегія з’яўляецца сусветным лідарам у сферы свабоды СМІ і на працягу апошніх васьмі гадоў узначальвае міжнародны індэкс свабоды прэсы. У той жа час індэкс паказвае, што свабода прэсы ўсё больш пагаршаецца ў многіх краінах.

    Да 3 мая, Дня свабоды прэсы, у распаўсюдзе сеткі Narvesen з’явілася газета, што цалкам складаецца з артыкулаў, забароненых да публікацыі ў краінах іх паходжання з прычыны цэнзуры, палітычнага кантролю ці рэпрэсій.

    «Нарвежскі Хельсінкскі камітэт дапамог сабраць адпаведныя матэрыялы з пастсавецкіх краін, якія не атрымалі заслужанай увагі. Артыкулы былі напісаныя смелымі журналістамі, якія рызыкавалі або ўжо адбываюць пакаранне за свае выказванні. Сярод іх — Дзяніс Івашын з беларускага выдання «Новы Час». У нумары апублікаваны фрагмент яго журналісцкага расследавання 2020 года з трох частак, прысвечанага былым украінскім спецназаўцам з «Беркута», якія цяпер служаць беларускаму дыктатарскаму рэжыму. Таксама (у нарвежскай газеце) паведамляецца, што за сваю працу Дзяніс быў асуджаны на 13 гадоў пазбаўлення волі», — паведамілі БАЖ у Нарвежскім Хельсінкскім камітэце.

    Дзяніс Івашын — карэспандэнт газеты «Новы Час», беларускі рэдактар валанцёрскай супольнасці Inform­Na­palm. Яго затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 года. Спачатку журналісту выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў), хоць усе звесткі для публікацыі браліся з адкрытых крыніц, а пазней дадалі яшчэ абвінавачанне ў «здрадзе дзяржаве».

    Верагодна, апошняй кропляй для ўладнага рэжыму стала аўтарскае расследаванне пра былых украінскіх сілавікоў з «Беркута», што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».

    Суд над Дзянісам Івашыным цягнуўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме. 14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі прыгаварыў журналіста на 13 гадоў і 1 месяц зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і прызначыў штраф памерам 4800 рублёў. Апроч гэтага, Івашын мусіць выплаціць кампенсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым сілавікам — агулам 22 800 беларускіх рублёў.

    20 снежня 2022 года Вярхоўны суд Беларусі разглядзеў апеляцыйную скаргу на прысуд палітзняволенаму гродзенскаму журналісту і пакінуў вырак першай інстанцыі без задавальнення.

    На пачатку 2023 года Дзяніса Івашына этапавалі са следчага ізалятара турмы № 1 Гродна ў папраўчую калонію № 15 Магілёва. Аднак пазней журналіста таемна судзілі ў калоніі і перавялі на строгі турэмны рэжым у жодзінскую турму № 8, дзе ён зараз і адбывае прысуд.

    У турме палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын некалькі разоў трапляў у штрафны ізалятар, пазбаўляўся ліставання з роднымі, быў пазбаўлены тэлефанаванняў родным чатыры месяцы запар — у снежні 2024-га, студзені, лютым і сакавіку гэтага года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці