У Наваполацку невядомыя пашкодзілі кола ў аўтамабілі віцебскіх журналістаў
Здарэнне адбылося 4 чэрвеня, калі ў Наваполацку праходзіў суд над прыхільнікамі блогера Сяргея Ціханоўскага.
Віцебскія незалежныя журналісты, якія супрацоўнічаюць з “Беларускім Радыё Рацыя” і тэлеканалам “Белсат”, у той дзень прыехалі ў Наваполацк асвятляць судовы працэс, але не змаглі на яго патрапіць. У судзе на працягу дзвюх гадзін адказвалі, што на абвінавачаных яшчэ няма дакументаў, а потым высветлілася, што справы ўжо разгледзелі праз Skype і затрыманых вызвалілі з ізалятара часовага ўтрымання.
Паводле слоў журналістаў, увесь гэты час каля будынка суда дзяжурыў сіні мікрааўтобус з зацемненымі вокнамі. А ў двары дома аднаго з актывістаў, які толькі што выйшаў з‑пад варты, журналісты заўважылі міліцыянта.
Праз паўтары гадзіны давялося заўважыць іншую непрыемную рэч, распавяла ўдзельніца падзей Алена Сцяпанава:
— У машыне было спушчана левае задняе кола. Калі паркаваліся ў двары, усё было ў парадку, а тут — неспадзяванка. Мы спачатку падумалі, што прабілі кола ў дарозе. А паколькі кола асядала літаральна на вачох, без лішніх разваг хутчэй паехалі на шынамантаж. Там майстар дастаў шрубу сантыметраў пад пяць даўжынёй і выказаў меркаванне пра “дыверсію”.
Адназначна вінаваціць кагосьці няма падстаў, кажуць журналісты. Але памкненне міліцыі не дапусціць незалежную прэсу на суд, сачэнне праз зацемненыя вокны мікрааўтобуса і прысутнасць міліцыянта ў двары, дзе бралі інтэрв’ю, схіляе іх да нядобрых падазрэнняў.
Празмерная ўвага да незалежных журналістаў 4 чэрвеня адчувалася і ў іншых рэгіёнах: у Бабруйску ў той дзень была затрыманая здымачная група “Белсата”.