У панядзелак у Беластоку пройдзе акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам
25 верасня а 19-й гадзіне на плошчы каля помніка Ежы Папялушку ў Беластоку адбудзецца акцыя салідарнасці з Анджэем Пачобутам.
Сябра БАЖ быў арыштаваны 25 сакавіка 2021 года ў Гродне па так званай «польскай справе» разам з іншымі актывістамі Саюза палякаў Беларусі. За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу 17 верасня 1939 года.
Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра падаўленне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст ад 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.
8 лютага 2023 года ў абласным судзе Гродна суддзя Дзмітрый Бубенчык прыгаварыў журналіста да 8 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У жніўні Анджэя Пачобута ўзнагародзілі медалём місіі Яна Карскага. Рашэнне аб узнагароджанні трэба расцэньваць як рэакцыю на ціск, які зазнае Анджэй Пачобут у наваполацкай калоніі. Нагадаем, нядаўна стала вядома, што наступныя паўгода Пачобут мае правесці ў памяшканні камернага тыпу.