У Полацку журналісты дыскутавалі пра асвятленне парламенцкіх выбараў у мясцовых СМІ
З удзелам сябраў ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” з Віцебска, Полацка, Глыбокага і Барысава прайшло пасяджэнне прэс-клуба “Выбарчая кампанія 2016: асвятленне ў СМІ”.
Журналісты абмяркоўвалі, ці дастаткова ўвагі сёлетнім парламенцкім выбарам надаюць дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, якія інфармацыйныя нагоды могуць выкарыстоўвацца дзеля прыцягнення ўвагі грамадства да гэтай тэмы, наколькі адпавядаюць матэрыялы асобных аўтараў прынцыпам журналісцкай этыкі і патрабаванням міжнародных стандартаў.
– Выбарчая кампанія ў дзяржаўных СМІ Віцебшчыны, у тым ліку ў Полацкім рэгіёне, асвятляецца мала – практычна не надаецца ўвагі мясцовым падзеям, кшталту пікетаў па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў. Затое дбайна перадрукоўваюцца паведамленні ЦВК, і вялікая колькасць гэтых “безасабовых” перадруковак, напэўна, заклікана стварыць уражанне пільнай увагі сродкаў масавай інфармацыі да выбарчай кампаніі, – адзначыў каардынатар полацкай суполкі сябраў ГА “БАЖ” Віктар Стукаў.
Прадстаўнікі іншых рэгіёнаў таксама заўважылі, што ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі выбарчая кампанія “не гучыць”. І што прэса не разлічвае на нейкі зваротны водгук чытачоў.
Напрыклад, на сайце абласной газеты “Витебские вести” адключана магчымасць каментавання артыкулаў на выбарчую тэматыку. У віцебскай гарадской газеце “Витьбичи”, здавалася б, зрабілі наадварот: у асобнай рубрыцы чытачам прапануюць падзяліцца сваімі меркаваннямі пра дзейнасць дэпутатаў парламента і пажаданнямі будучаму складу, які мае быць абраным 11 верасня. Аднак насамрэч допісы чытачоў тэндэнцыйна мадэруюцца – з іх вычышчаюцца ўсе крытычныя заўвагі.
Зрэшты, вялікай актыўнасці, каб падзяліцца сваімі меркаваннямі наконт выбараў не выяўляюць і самі чытачы. Недзяржаўныя СМІ рэгіёну часам падкрэсліваюць, што людзі ставяцца да гэтай падзеі практычна абыякава – найперш таму, што не вераць у тое, што іхныя галасы нешта вырашаць. Таму падчас прэс-клубу БАЖаўцы абмяркоўвалі, якім чынам можна зацікавіць чытачоў матэрыяламі на выбарчую тэматыку.
Гучалі прапановы звяртаць увагу на матэрыяльны дабрабыт кандыдатаў у дэпутаты, бо гэты паказнік істотна розны у розных катэгорый беларускага насельніцтва. Але ж, апрача як падчас выбараў, шараговы беларус не можа даведацца пра заробак чыноўніка або маёмасць дзяржслужбоўца – гэтыя звесткі “закрытыя” ад грамадскасці.
Неаднаразова было падкрэслена, што тэмы для цікавых журналісцкіх матэрыялаў “падкідваюць” і самі прэтэндэнты: нехта крэатыўна ладзіць пікеты, нехта рыхтуе вострыя пытанні сваім канкурэнтам, каб задаць іх падчас сустрэч з выбаршчыкамі. А нехта, асабліва не спадзеючыся на ўвагу журналістаў і СМІ, сам вядзе агітацыю праз сацыяльныя сеткі.
Удзельнікі пасяджэння прэс-клубу прыйшлі да думкі, што ў дзяржаўных СМІ, як у Віцебскім, так і ў Барысаўскім рэгіёне, выбарчая кампанія асвятляецца недастаткова. І нельга сказаць, каб гэтае асвятленне было поўным і аб’ектыўным. Што да недзяржаўных СМІ, то ў Віцебскай вобласці засталася ўсяго адна такая газета – “Вольнае Глыбокае”.
Размова пра цяжкасці развіцця незалежнай прэсы ў рэгіёне працягнулі журналісты Алена Сцяпанава і Аляксандр Зянкоў. Яны прэзентавалі гледачам свой дакументальны фільм “Выбар Барыса Хамайды” – пра вядомага віцебскага распаўсюдніка недзяржаўных СМІ, у мінулым рэдактара газеты “Выбар”, зачыненай гарадскімі ўладамі.
– Я лічу, што гэтай газеты дужа бракуе сёння ў горадзе, і што наклад яе цяпер быў бы значна большы, чым у 1990‑я”, – гаворыць галоўны герой фільма, распавядаючы гісторыю “Выбара”. І пра свой уласны жыццёвы выбар – “быць носьбітам вольнага слова”.
Апрача фільма гледачы змаглі ўбачыць і асобныя нумары газеты “Выбар”, ужо рарытэтныя, і фотавыставу, прысвечаную Барысу Хамайду, якую падрыхтавалі віцебскія “бажаўцы”. І фільм, і фотавыставу ужо паглядзелі калегі не толькі з Віцебшчыны, але і з Магілёўшчыны.
Пасля некалькіх прэзентацыйных праглядаў Барыс Хамайда атрымае ад аўтараў фільма, апрача “флэшкі” з відэазапісам, і яшчэ адзін адмысловы падарунак – “Кнігу водгукаў”, у якой гледачы пакідаюць свае пажаданні чалавеку, які заснаваў у Віцебску “выспу свабоды і вольнага слова”.