• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Gene BY — у Познані адкрываецца выстава фатографкі Вольгі Савіч пра сучасную ідэнтычнасць беларусаў

    1 красавіка ў познаньскай Gale­ria Curators’LAB адкрываецца выстава беларускай мастачкі і фатографкі Вольгі Савіч. У сваім праекце Gene BY аўтарка даследуе ідэнтычнасць беларусаў у актуальных варунках пагрозы вялікіх катастроф.

    «Gene BY» — выстава фатографкі Вольгі Савіч

    Фрагмент экспазіцыі выставы Gene BY Вольгі Савіч у Gale­ria Cura­tors’LAB. Фота: прадастаўлена мастачкай

    Вольга Савіч займаецца так званай творчай і канцэптуальнай фатаграфіяй. У Gene BY яна выкарыстоўвае адмысловую мастацкую тэхніку paper trans­fer print, каб стварыць шматзначнае поле для свайго паслання. Аб’яднаўшы традыцыйны беларускі арнамент і фатаграфіі з інтэрнэту, мастачка стварае кампазіцыі, у якіх сутыкаюцца два культурныя коды: традыцыйнай культуры — зашыфраванае пасланне ў арнаменце, і (пост)мадэрнісцкай, амаль лічбавай культуры — калі фатаграфія прапаноўвае не адбіткі дакладных людзей, а ўмоўныя вобразы. Спалучэнне, нават сутыкненне гэтых кодаў нараджае пэўны сэнсавы парадокс, які правакуе на пытанні.

    «На выявах бачым людзей без твараў — гэта тыповая рыса для анлайн-пляцовак, дзе ажыццяўляецца купля-продаж. Першапачатковая функцыя такіх выяў пераасэнсоўваецца: Вольга Савіч засяроджваецца не на тавары, а на ананімных людзях. Гэта становіцца адпраўным пунктам для разважанняў пра сучасную ідэнтычнасць беларусаў», — распавядае пра праект Вольгі Савіч яго куратарка, польская мастацтвазнаўца, арт-менеджарка Эвеліна Мурашкевіч (Eweli­na Muraszkiewicz).

    Як змянілася самаўспрыманне беларусаў на фоне палітычных рэпрэсій, пагрозы вайны і пастаяннага страху? Як яны бачаць сябе ў эміграцыі, а як – тыя, хто застаўся ў краіне? Як гэта ўсё паўплывае на нацыянальную самасвядомасць у будучыні? І што дае зварот да традыцыі ў кантэксце перамен? — праект Вольгі Савіч прапануе паразважаць над гэтым.

    Вольга Савіч — беларуская мастачка і фатографка з Мінска. Па адукацыі культуролаг (Вольга скончыла БДУ культуры і мастацтва), яна атрымала спецыяльную фатаграфічную адукацыю на курсах Генадзя Родзікава і Уладзіміра Парфянка (Беларусь), Катарыны Сівердынг (Германія) і Элізабэт Шмірль (Аўстрыя). Пераможца ў намінацыі «Эксперыментальная фатаграфія» (2015, The Baltic Pho­to Bien­nale, Калінінград, Расія) і ўладальнік Гран-пры ў намінацыі «Мастацкая фатаграфія» конкурсу «Прафота» (2017, Конкурс Project Pho­tog­ra­phy, Мінск, Беларусь). Фотаздымкі Вольгі ўдзельнічалі ў выставах у Беларусі, Аўстрыі, Францыі, Грузіі, Літве, Латвіі, Германіі.

    Выстава будзе працаваць у познаньскай Gale­ria Curators’LAB да 20 красавіка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці