У Расіі забаранілі пошук «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у інтэрнэце
Расійская дзярждума прыняла папраўку аб забароне «мэтанакіраванага» пошуку ў інтэрнэце «заведама экстрэмісцкіх матэрыялаў» – у тым ліку з выкарыстаннем VPN, паведамляе «Новая газета. Европа».

У Расіі забаланілі пошук «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у інтэрнэце
«За» прагаласавалі 285 дэпутатаў, «супраць» — 19, яшчэ 20 устрымаліся. Закон пачне дзейнічаць 1 верасня 2025 года.
Згодна з новым артыкулам 13.53 КаАП штраф за «наўмысны» пошук экстрэмісцкай інфармацыі ў інтэрнэце складзе да 5 тысяч расійскіх рублёў ($63,8). Таксама прынята папраўка аб штрафах да 500 тысяч расійскіх рублёў ($6380) за распаўсюджанне рэкламы VPN-сэрвісаў.
Такім чынам, уводзіцца адказнасць за сам факт пошуку або атрымання доступу да інфармацыі ў інтэрнэце. Праваабаронцы адзначаюць, што пад пераслед зараз можа трапіць любы карыстач, які проста набраў забаронены запыт у пошукавіку ці што адкрыў спасылку, нават выпадкова.
Улады змогуць даведвацца, што шукае карыстальнік, дзякуючы дадзеным ад пошукавых сістэм, аператараў сувязі і нават адміністратараў Wi-Fi-кропак у метро, кафэ, гатэлях. Без уключанай абароны трафіку правайдэры бачаць, якія сайты наведвае чалавек і якія прыкладанні запускаюцца. Дадатковай крыніцай стануць дадзеныя браўзэраў, гісторыя пошуку ў Google-акаўнтах, а таксама змесціва прылад, канфіскаваных ці правераных пры затрыманнях.
Расійскія пошукавікі і сацсеткі па законе ўжо абавязаны перадаваць запыты і іншую карыстацкую інфармацыю спецслужбам.
Акрамя таго, у Дзярждуме ўхвалілі штрафы за перадачу SIM-карты і за перадачу лагінаў і пароляў ад інтэрнэт-акаўнтаў.
