У рэгіёнах падлічваюць “трафеі”-2022. Брэсцкая вобласць пахвалілася сотняй выяўленых “экстрэмісцкіх” рэсурсаў
Рэгіянальныя структуры, падначаленыя Генпракуратуры Беларусі, справаздачацца пра поспехі ў змаганні з “экстрэмізмам” за мінулы год. Першай гэта зрабіла пракуратура Брэсцкай вобласці — блізу 100 “дакладных пападанняў”, адзначаецца на сайце нагляднага ведамства.
“Органы пракуратуры Брэсцкай вобласці для папярэджання распаўсюду праз інтэрнет-рэсурсы звестак, накіраваных на павышэнне сацыяльнай напружанасці і стварэнне недаверу да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, арганізавала сістэмную работу па падрыхтоўцы і накіраванні ў суд заяваў аб прызнанні такой інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі”, — паведамляе служба інфармацыі абласной пракуратуры.
У прыватнасці, адзначаецца, што за 2022 год пракуроры ў розных месцах Брэсцкай вобласі прад’явілі 98 адпаведных заяваў, якія суды ў выніку задаволілі “ў поўным аб’ёме”. Іншымі словамі, ведамствы прадэманстравалі 100-працэнтнае ўзаемаразуменне.
У выніку, гаворыцца ў афіцыйнай справаздачы, “экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызнана інфармацыйная прадукцыя 62 Telegram-чатаў і каналаў, 13 старонак у сацыяльнай сетцы Instagram, 10 груп у сацсетцы “Вконтакте”, 7 інтэрнэт-сайтаў, 5 груп у сацсетцы Facebook, 5 Viber-чатаў, 3 групы ў сацсетцы “Одноклассники”, 2 YouTube-каналы, 2 акаўнты сацсеткі TikTok.
Як паказвае першы месяц 2023 года, Брэстчына і сёлета не збіраецца збаўляць “прамысловыя абароты”: ад пачатку месяца пракуроры накіравалі хадайніцтвы ў абласную экспертную камісію для правядзення ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай у 7 інфармацыйных крыніцах, на прадмет наяўнасці “прыкмет экстрэмізму”.
Пасля атрымання экспертных заключэнняў будзе вырашацца пытанне пра накіраванне ў суд заяваў аб прызнанні такіх рэсурсаў “экстрэмісцкімі”.
Абласным “першапраходцам” у атрыманні “эстрэмісцкага” статусу стаў калектыў рэдакцыі “Брестской газеты” — іх матэрыялы трапілі ў адпаведны рэспубліканскі спіс яшчэ ў канцы 2021 года.
Летась пералік імкліва пашыраўся: рашэннем суда Ганцавіцкага раёна “неадпаведнай заканадаўству” прызналі інфармацыйную прадукцыю Telegram-канала “Першы рэгіён”, а суд Івацэвіцкага раёна агучыў аналагічны вердыкт у дачыненні да Viber-чата з назвай “1RegBY”.
Гэтаксама “экстрэмісцкімі” сталі Telegram-чат Media-Polesye.by з ахопам аўдыторыі ў Пінску, Століне і Лунінцы, лакальны Telegram-чат «Пружанка/Пружанец», сайт агрэгатара навін рэгіянальных медыя dze.news ды дзясяткі іншых незалежных рэсурсаў.
Усе звесткі пра “крамольныя” віртуальныя пляцоўкі трапляюць у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, якія пасля кулуарных судовых рашэнняў сістэматызуе Міністэрства інфармацыі. На дадзены момант іх агульная колькасць набліжаецца да паўтары тысячы.
Наўмысны і нават неасэнсаваны распаўсюд “забароненых звестак” цягне адміністрацыйную адказнасць, а за паўторнае парушэнне ўжо прадугледжваецца крымінальны пераслед.
Нагадаем, што пералік Мінінфарма не перасякаецца са спісамі “экстрэмісцкіх фармаванняў” і асоб, “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”, якія складаюць адпаведна Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржбяспекі. Адзінае, што іх усе аб’ядноўвае, — гэта вялізная колькасць журналістаў, прафесійная дзейнасць якіх пастаўленая пад фактычную забарону.
ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:
У падтрымку Андрэя Аляксандрава BYSOL разыграе арыгінальную футболку “Ліверпуля”
“Шмат гадоў працаваў у нелегальнай арганізацыі”, – прапагандысты з “закрытага суда” над журналістам Андрэем Пачобутам
Журналісту Свабоды Ігару Лосіку дазволілі перапісвацца з жонкай Дар’яй