У сераду БТ і Беларускае радыё замоўкнуць на 6 гадзін
У сувязі з правядзеннем прафілактычных работ 21 кастрычніка з 9.00 да 15.00 у Беларусі не будуць транслявацца праграмы тэлеканалаў "Беларусь 1", "Беларусь 2", "Беларусь 3", "Беларусь 4", "Беларусь 5", "НТВ-Беларусь", "Культура", а таксама Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, радыёстанцый "Сталіца" і "Радыус FM", паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.
«Вялікая планавая тэхнічная прафілактыка на беларускіх тэлеканалах і радыёстанцыях праводзіцца двойчы на год, — адзначылі ў прэс-службе. — Арганізуе яе Беларускі радыётэлевізійны перадавальны цэнтр у адпаведнасці з зацверджаным у пачатку года планам тэхналагічных аглядаў на перадавальным абсталяванні, якое забяспечвае эфірную трансляцыю тэлевізійных і гукавых праграм».
Першая сёлета вялікая планавая прафілактыка праводзілася ў красавіку, дадалі ў Белтэлерадыёкампаніі.