Рэха 3 траўня: «У Швейцарыі расце цікавасць да беларускага пытання»
Пра беларускіх журналістаў 3 траўня згадвалі не толькі ў Вільні, дзе ладзіўся форум «Бяспека ва ўмовах небяспекі: як дзейнічаць журналістам і СМІ». У Міжнародны дзень свабоды прэсы таксама прайшлі акцыі ў Швейцарыі і Фінляндыі.

Швейцарскія журналісты расказваюць прысутным пра свабоду слова. Фота: з асабістага архіва Вольгі Класкоўскай
«У швейцарцаў ёсць разуменне сітуацыі і гатовасць дапамагаць»
У Швейцарыі мясцовае аддзяленне «Рэпарцёраў без межаў» сумесна з тэатрам «Ноймаркт» і адным з цэнтральных выданняў Tages-Anzeiger далі дзённы спектакль у старой частцы Цюрыха. «Рэпарцёры без межаў» пазнаёмілі прысутных з Індэксам свабоды прэсы—2025.
Нагадаем, што згодна гэтаму даследаванню, Беларусь лідзіруе з хваста, заняўшы 166‑е месца сярод 180 краін свету.
Акторка тэатра «Ноймаркт» чытала ўголас лісты зняволеных журналістаў з усяго свету. Пазней журналісткі ў выгнанні беларуска Вольга Класкоўская і Наджыбах Зартошт з Афганістана расказвалі прысутным пра сітуацыю са свабодай слова ў сваіх краінах. Журналісткі распавялі пра сваю працу на радзіме, зняволенне і ўцёкі адтуль.

Акторка тэатра «Ноймаркт» чытае лісты зняволеных журналістаў. Фота: з асабістага архіва Вольгі Класкоўскай
— На сустрэчу прыйшло вельмі шмат людзей, пераважна швейцарцы. Беларусь была ў фокусе на мерапрыемстве: прадстаўнікі «Рэпарцёраў без межаў» многа апавядалі пра Беларусь. Швейцарскія журналісты падкрэслівалі, што краіна знаходзіцца ў самым цэнтры Еўропы, а рэпрэсіі і і сітуацыя агулам толькі пагаршаецца, — адзначыла Вольга Класкоўская.
Істотная частка сустрэчы адводзілася панэльнай дыскусіі, на якой журналісткі ў выгнанні расказвалі пра сваю працу, турму і ўцёкі ад рэпрэсій.
— Калі я расказвала аўдыторыі пра беларускіх журналістаў, пра сітуацыю з беларускімі медыямі ў выгнанні, пра рэпрэсіі і ўвогуле пра Беларусь, я глядзела на аўдыторыю і бачыла вялікі боль у вачах швейцарцаў, спачуванне і разуменне нашай сітуацыі.
Паводле маіх назіранняў (а я ўжо трэці год жыву ў гэтай краіне), цікавасць да Беларусі расце. Швейцарцы вельмі разумная палітызаваная нацыя, якая добра ўсведамляе, што Беларусь знаходзіцца не на другім канцы свету, а зусім побач, і яна грае вельмі важную ролю ў архітэктуры бяспекі Еўропы.
Я вельмі цешуся, што ў швейцарцаў ёсць разуменне і гатовасць дапамагаць, — падкрэсліла беларуская журналістка.

Вольга Класкоўская (у чырвонай сукенцы ў цэнтры) разам са швейцарскімі калегамі. Фота: з асабістага архіва журналісткі
Дарэчы, за некалькі дзён да мерапрыемства адно з вядучых выданняў Швейцарыі Tages-Anzeiger апублікавала вялікае інтэрв’ю Вольгі Класкоўскай.
Сцяна з партрэтамі беларускіх журналістаў стаіць у Хельсінкі амаль год
Міжнародны дзень свабоды прэсы журналістка Ганна Любакова і паэтка і кіраўніца Беларускага ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай правялі ў Хельсінкі. Фінская арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» (RSF) прэзентавала штогадовую справаздачу і запрасіла на мерапрыемства прадстаўнікоў ЮНЭСКА ды буйных фінскіх выданняў Helsingin Sanomat і Yle.

Сцяна ў хельсінкскім музеі з партрэтамі беларускіх журналістаў у зняволенні
Мерапрыемства прайшло ў Merkki-Media museum and archives Фінляндыі. На ўваходзе вісяць партрэты зняволеных беларускіх журналістаў і паштовыя скрыні — кожны ахвочы можа напісаць ліст зняволенаму журналісту ці журналістцы.
Ганна Любакова расказала прысутным пра цяперашні беларускі медыяландшафт, пра рэпрэсіі супраць незалежнай журналістыкі і агулам пра палітычную сітуацыю ў Беларусі.
Дарэчы, фінскія «Рэпарцёры без межаў» сумесна з Merkki-Media museum and archives Фінляндыі адкрылі стэнд, прысвечаны беларускім журналістам у выгнанні, яшчэ летась.

Партрэты беларускіх зняволеных журналістаў у хельсінкскім Merkki-Media museum and archives Фінляндыі. Фота: са старонкі Ганны Любаковай у Linkedin
