У Смаргоні раённая газэта апублікавала сьпіс кандыдатаў з апярэджаньнем?
Гарадзенскі праваабарончы сайт harodniaspring.org западозрыў смаргонскую раённую газэту «Светлы шлях» у тым, што яна апублікавала сьпіс кандыдатаў у дэпутаты на мясцовых выбарах 18 лютага да таго, як іх зацьвердзіла акруговая камісія. Рэдакцыя абвяргае, там кажуць, што ўсё зрабілі апэратыўна і своечасова.
На сайце harodniaspring.org зьмешчаны здымак апошняй старонкі газэты «Светлы шлях», № 19 за студзень 2018 году. Нумар, як відаць на здымку, падпісаны да друку 18 студзеня 2018 г. а 10.30, тады як паседжаньні адпаведных камісій, на якіх праводзілася галасаваньне аб рэгістрацыі кожнага асобнага кандыдата, адбыліся ў гэты дзень пазьней, у прамежку паміж 12‑й і 15‑й гадзінамі.
Аўтар публікацыі прыходзіць да высновы, што сьпіс кандыдатаў перададзены ў рэдакцыю яшчэ да падвядзеньня вынікаў галасаваньня, а значыць, паседжаньні камісій былі ўсяго толькі чыстай фармальнасьцю. Адзіны апазыцыйны кандыдат у Смаргонскім раёне, Алесь Дзергачоў кажа, што гэты выпадак — адзін зь яскравых прыкладаў таго, як адбываюцца сёлетнія выбары.
«Я разумею, што паводле заканадаўства ім трэба апублікаваць сьпісы кандыдатаў на працягу трох дзён, а тэхнічна гэта ня вельмі атрымліваецца, паколькі газэта выходзіць раз на тыдзень. Але тады як расцаніць гэта з юрыдычнага боку?» — мяркуе апазыцыянэр.
Адказны сакратар рэдакцыі Марыя Страшынская патлумачыла Свабодзе, што і зь юрыдычнымі нормамі нічога не парушана, маўляў, на апошняй старонцы ў выходных дадзеных дапусьцілі памылку.
«Мы дачакаліся, калі будуць зацьверджаныя сьпісы кандыдатаў, а потым праз інтэрнэт накіравалі іх у горадзенскую друкарню, дзе друкуецца наша газэта. Спрацавалі апэратыўна і газэту падпісалі да друку пасьля 16 гадзін», — зазначыла адказны сакратар «Светлага шляху».