У СНД раптам задумаліся пра забеспячэнне правоў журналістаў. Па ініцыятыве Расіі
Выканаўчы камітэт СНД паведаміў, што ў Мінску прайшло пасяджэнне экспертнай групы, падчас якога ўзгаднялі праект дакумента, датычнага забеспячэння правоў журналістаў. Тым часам за кратамі ў Беларусі знаходзіцца 34 прадстаўнікі медыя.

Міліцыянеры затрымліваюць журналістку падчас акцыі пратэсту ў Мінску, Беларусь. 26 верасня 2022 года.
Фота: Наталля Федасенка / ТАСС / Forum
На пасяджэнне экспертнай групы прыйшлі прадстаўнікі Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Узбекістана і Выканаўчага камітэта СНД. Што цікава, падрыхтоўку дакумента аб забеспячэнні правоў журналістаў ініцыявала Расія — краіна, дзе ў вышук аб’яўленыя беларускія журналісты, вымушаныя з’ехаць з радзімы праз пераслед, дзе замежнага рэпарцёра абвінавачваюць у шпіянажы і пагражаюць праз гэта 20 гадамі пазбаўлення волі, а свайму медыйшчыку прызначаюць 22 гады калоніі строгага рэжыму.
У самой Беларусі, што праводзіла абмеркаванне новага дакумента, на канец 2023 года больш за 20 незалежных СМІ і медыяарганізацый, у тым ліку Беларуская асацыяцыя журналістаў, былі прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». За гэты ж час было вынесена 16 прысудаў медыясупрацоўнікам па крымінальных справах. Яшчэ як найменш супраць шасці чалавек крымінальныя справы былі ўзбуджаныя. Да таго 33 асуджаных супрацоўніка СМІ былі ўключаны ў афіцыйны пералік «экстрэмістаў» і 12 — у пералік «тэрарыстаў».
У Індэксе свабоды прэсы, апублікаваным «Рэпарцёрамі без межаў», Беларусь за год апусцілася на чатыры пазіцыі і знаходзіцца цяпер на 157‑м месцы са 180-ці.
