У Сусветны дзень свабоды прэсы сябры глыбоцкай суполкі БАЖ адправілі лісты зняволеным журналістам
У Сусветны дзень свабоды прэсы і друку, 3 траўня, сябры глыбоцкай суполкі ГА “БАЖ” адправілі лісты зняволеным журналістам. Павіншавалі іх з прафесійным і велікодным святамі, падпісалі паштоўкі з выявамі Глыбокага і карцін мастакоў.
Акрамя віншаванняў у лістах глыбоцкія журналісты выказалі словы падтрымкі і салідарнасці з палітзняволенымі. А таксама спадзеў у хуткім часе пабачыць сваіх калег на гасціннай глыбоцкай зямлі.
Таксама глыбачане даслалі віншавальныя лісты праваабаронцу з Гомеля Леаніду Судаленку і іх добраму знаёмаму мастаку Алесю Пушкіну.
Як кажа кіраўніца глыбоцкай суполкі Таццяна Смоткіна, у такі цяжкі час для ўсіх беларусаў вельмі важна выказваць словы падтрымкі ўсім калегам і іншым палітвязням, ды ўвогуле ўсім тым, хто церпіць пераслед з боку ўладаў.
“Толькі салідарнасць мацуе нашую супольнасць, дае сілы працаваць далей і натхняе. А тым, хто знаходзіцца ў зняволенні, дае надзею на лепшае, надае аптымізму і ўмацоўвае іх дух”, — зазначае Таццяна Смоткіна.
Паводле яе слоў, гэта важна зараз для кожнага беларуса, бо ніхто не ведае, што будзе з ім, ці з яго калегамі, сябрамі, роднымі далей у такіх складаных умовах існавання. Але нягледзячы ні на што, трэба быць аптымістамі і спадзявацца на лепшае.