У Святланы Алексіевіч у Нямеччыне заблакавалі банкаўскі рахунак
Улады Германіі заблакавалі банкаўскі рахунак нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч. Пасля таго, як у 2020 годзе да яе дома ў Мінску прыйшлі сілавікі, пісьменніца пераехала ў Берлін. Цяпер у яе скончыўся від на жыхарства, выдадзены тады нямецкімі ўладамі. І на гэтай падставе быў заблакаваны рахунак, піша "Еўрарадыё".
«Блакіроўка рахунка Святланы Алексіевіч — не выключны выпадак, а вельмі шараговая сітуацыя, такое здараецца з вялікай колькасцю беларусаў, якім па нейкіх прычынах не паспяваюць своечасова працягнуць від на жыхарства, — каментуе Еўрарадыё сітуацыю кіраўніца Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай. — У банку Святлане сказалі, што гэта абмежаванні, якія датычаць беларусаў і расіян — у сувязі з вайной. Праблема не ў тым, што такое не павінна здарацца з нобелеўскай лаўрэаткай — падыход павінен быць роўны да ўсіх, — такога не павінна здарацца ні з кім. Патрэбная змена падыходу для тых, хто вымушаны быў выехаць з Беларусі праз пераслед, але працягвае працу на карысць дэмакратыі».
Новы ВНЖ Алексіевіч атрымае на пачатку красавіка 2023-га. У сутычцы са славутай нямецкай бюракратыяй — бюракратыя перамагла.
Святлане Алексіевіч 74 гады. Яна з’яўляецца вядомай беларускай пісьменніцай. У 2015‑м Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры «за шматгалосую творчасць — помнік пакутам і мужнасці ў наш час». Яна крытычна выказвалася і працягвае выказвацца пра цяперашні рэжым у РБ. У 2020‑м у Беларусі Святлана Алексіевіч была ў складзе Каардынацыйнай рады, ёй пагражаў крымінальны пераслед. Летась кнігі пісьменніцы ў РБ правяралі «на наяўнасць экстрэмізму».
Чытайце яшчэ:
«Ездзіў па Беларусі і шалёна ўсё здымаў: разумеў — гэта апошняе лета». Гутарым з журналістам Алесем Залеўскім
«Парэзы неглыбокія, жыцьцю нічога не пагражае». Палітзьняволены Ігар Лосік можа па-ранейшаму знаходзіцца ў ШЫЗА
Пачаўся суд над колішнім тварам тэлеканала АНТ Дзмітрыем Семчанкам