У відэааператара, які супрацоўнічае з DW, прайшоў ператрус па справе аб тэрарызме
У відэааператара Ягора Камароўскага, які супрацоўнічаў з Deutsche Welle, 1 кастрычніка прайшоў ператрус па крымінальнай справе. Пра гэта DW паведаміў бацька журналіста. Паводле яго слоў, у пастанове пра ператрус пазначаны артыкулы крымінальнага кодэксу «Наўмысныя знішчэнне або пашкоджанне чужой маёмасці», а таксама — «Акт тэрарызму».
У працэсе ператрусу канфіскавалі ўсю тэхніку, а таксама пасведчанне пазаштатнага супрацоўніка Deutsche Welle. Разам з тым, як адзначыў бацька Камароўскага, афіцыйна ні падазрэнне, ні абвінавачанне па крымінальнай справе Ягору пакуль не прад’яўленыя.
У цяперашні час Ягор Камароўскі знаходзіцца на Акрэсціна. Ён быў затрыманы ўвечары 28 верасня ў Мінску. На наступны дзень яго асудзілі на 14 сутак адміністрацыйнага арышту за «хуліганства».
