• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Едзем за сваіх»: у Вільні прайшоў роварны прабег салідарнасці з журналістамі. Шмат фота

    «Едзем за сваіх» — роварны прабег салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі адбыўся ў Вільні 14 траўня і быў прымеркаваны да 30-годдзя БАЖ. Падтрымаць журналістаў  і выказаць сваю салідарнасць прыйшла лідарка дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская. Ад яе офіса ў прабегу браў удзел дарадца па пытаннях дыпламатыі Дзяніс Кучынскі.

    «Едзем за сваіх»: у Вільні прайшоў роварны прабег салідарнасці з журналістамі

    Лідарка беларускіх дэмакратычных сіл Святлана Ціханоўская на роварным прабегу салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі «Едзем за сваіх». Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ

    У роварным прабегу салідарнасці ўзялі ўдзел сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў, прадстаўнікі НДА, неабыякавыя беларусы і беларускі. Таксама да беларусаў далучыліся літоўскі рэпарцёр-фрылансер, прадстаўнік Літоўскага саюза журналістаў Аудрус Гелзініс (Audrius Gelzi­nis) і фінская журналістка Інгрыд Сванфельд. Яна прыехала ў Літву з Хельсінкі. Інгрыд асабіста ведае двух беларускіх зняволеных журналістаў — Ларысу Шчыракову і Яўгена Меркіса з Гомеля.

    «Едзем за сваіх»: у Вільні прайшоў роварны прабег салідарнасці з журналістамі

    Літоўскі рэпарцёр-фрылансер Аудрус Гелзініс, фінская журналістка Інгрыд Сванфельд і Святлана Ціханоўская на роварным прабегу салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі «Едзем за сваіх». Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ

    Салідарнасць замест маўчання

    На пачатку акцыі адзін з яе арганізатараў праваабаронца Леанід Судаленка падкрэсліў, што гэтым сяброўскім прабегам выказваецца салідарнасць з тымі беларускімі незалежнымі журналістамі, якія знаходзяцца за каратамі.

    Іх сёння 39. І гэтай акцыяй мы прыцягваем увагу да таго, што ў 150 кіламетрах ад Вільні ў турмах знаходзяцца лепшыя людзі беларускай журналістыкі. Мы вырашылі паехаць у парк Вінгіс, каб паразмаўляць там з наведвальнікамі, запытаць іх, як яны ставяцца да таго, што ў Беларусі фактычна пануе турэмны рэжым, дзе свабода слова нічога не каштуе. І за свабоду слова, за вольнае слова фактычна людзі знаходзяцца ў турмах.

    «Едзем за сваіх»: у Вільні прайшоў роварны прабег салідарнасці з журналістамі

    Падрыхтоўка да велапрабегу салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі «Едзем за сваіх». Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ

    «Мне няёмка было застацца дома»

     Сваімі ўражаннямі падзяліліся ўдзельнікі прабегу.  ІТ-спецыялістка Марыя распавяла, што заўжды падтрымлівае акцыі беларусаў:

    — Таму я тут. На ровары ў Беларусі я каталася пастаянна, гэта быў мой транспарт, тут хаджу больш пешшу. Але з задавальненнем прыняла ўдзел у прабегу. І хоць я не журналістка, у мяне ёсць некалькі сяброў-рэпарцёраў. Адзін мой знаёмы медыйшчык, Андрэй Кузнечык, выйшаў нядаўна з турмы. Але колькі яшчэ маіх знаёмых сядзяць у Беларусі за кратамі! Я хацела б, каб выпусцілі ўсіх. 

    «Едзем за сваіх»: у Вільні прайшоў роварны прабег салідарнасці з журналістамі

    ІТ-спецыялістка Марыя. Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ

    Журналістка і праваабаронца Наталля:

    — У гэтай акцыі я ўдзельнічаю, каб падтрымаць сваіх калегаў, якія знаходзяцца зараз за кратамі.

    У кожнага ўдзельніка акцыі на камізэльках з двух бакоў партрэты зняволеных журналістаў — гэта ўсе мае блізкія знаёмыя. І сэрца рвецца ад болю, калі бачыш, колькі год далі людзям. Таму ўсім, чым магу, падтрымліваю, і думаю заўсёды пра тое, якія яшчэ крокі распачаць, каб падтрымаць іх і іх блізкіх, што б было больш эфектыўна.

    «Едзем за сваіх»: у Вільні прайшоў роварны прабег салідарнасці з журналістамі

    Журналістка і праваабаронца Наталля. 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ

    Можа, нейкія акцыі ўжо аджылі сваё і трэба нешта новае прыдумляць, і хочацца разумець, што людзям патрэбна. Кожны з нас павінен зараз зрабіць усё, што можна, пакуль нашы калегі, блізкія, родныя ў Беларусі знаходзяцца за кратамі.

    — У вас на камізэльцы фота Канстанціна Залатых і Дзяніса Івашына, вы былі добра знаёмыя з імі?

    — Так, я з Дзянісам некалі нават разам вучылася і добра яго ведаю і адсочваю ўсё, што зараз з ім адбываецца.

    Гэты роварны прабег быў фізічна не цяжкі, бо я з дзяцінства займаюся  веласпортам разам з бацькам. Але мне было маральна вельмі цяжка бачыць гэтыя партрэты людзей, з якімі я асабіста знаёмая, і бачыць гэтыя страшэнныя лічбы.

    «Едзем за сваіх»: у Вільні прайшоў роварны прабег салідарнасці з журналістамі

    Роварны прабег салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі «Едзем за сваіх». Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ

    Журналістка Таццяна Бублікава:

    — З фізічнага пункту гледжання гэты роварны прабег не быў цяжкі, але маральна цяжка трымацца за веру, што гэта мае сэнс. Бо ўжо прайшло колькі гадоў, а столькі журналістаў яшчэ за кратамі. Так, некаторыя выходзяць, але хутчэй таму, што заканчваюцца тэрміны выраку. А колькі людзей у Беларусі пасля саджаюць ізноў… 

    Вось на камізэльцы ў мяне партрэт майго шэфа — Змітра Наважылава, яму прысудзілі 6 год. Медыяменеджэр БелаПАНа Андрэй Аляксандраў атрымаў 14 год, сядзіць і забівае сваімі таленавітымі рукамі цвікі ў гнілыя паддоны. Я разумею, што мае 10 кіламетраў Аляксандраву, напэўна, наўпроставую карысць не прынясуць, але як гэта звязана ў свеце, мне невядома. Чаму я прыйшла на гэтую акцыю? Таму што я лічу гэта правільным. Персанальна мне было няёмка застацца дома. 

    Ці веру я, што гэта зменіць свет, спыніць вайну, вызваліць усіх палітзняволеных? Не. Але я веру, што кожны гігабайт увагі варты. І ўвагу трэба надаваць менавіта таму, што ёсць нашымі каштоўнасцямі і што ёсць самым важным у жыцці — салідарнасць, падтрымка, праўда, каханне, фізічнае і ментальнае здароўе, павага, уменне слухаць адно аднаго, уменне размаўляць. Вось пра гэта роварны прабег салідарнасці.

    «Едзем за сваіх»: у Вільні прайшоў роварны прабег салідарнасці з журналістамі

    Роварны прабег салідарнасці са зняволенымі беларускімі журналістамі «Едзем за сваіх». Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ

    Я ведаю гісторыі, як мы па-за кратамі часам саромеемся набыць келіх віна ў кавярні і з’есці тое ж марозіва, бо ведаем, што ў гэты час нашы калегі, з якімі разам рабілі сюжэты, штосьці асвятлялі, працавалі, — сядзяць і не могуць гэтага сабе дазволіць. І тут важна мець зваротную сувязь. Мне падаецца, калі, напрыклад, Ірына Слаўнікава даведалася б, што мы паводзім сябе, як ахвяры, што на нас уплываюць рэпрэсіі вось такім чынам, то яна б адрэагавала на гэта шчыра: «Калі ласка, не рабіце так, як хоча ад вас рэжым, не здавайцеся гэтаму вычварэнству, гэтаму гвалту, гэтым рэпрэсіям хаця б на волі».

    І цяжар, напэўна, у тым, каб утрымліваць вось гэты фокус увагі на тым, што ёсць сапраўдным жыццём.

    «Рабіць штосьці — гэта ўжо недарэмна»

    Па прыездзе ў парк Вінгіс удзельнікі роварнага прабегу заехалі і на інтэрнацыянальны музычна-танцавальны пікнік у межах тыдня ўцекачоў, які там праводзіў Чырвоны крыж. Сярод прысутных было шмат людзей розных нацыянальнасцяў, але, вядома, больш за ўсіх роварны прабег зацікавіў беларусаў, якія прысутнічалі на гэтым свяце і якія зведалі на сабе рэпрэсіі ў Беларусі, некаторыя з іх таксама былі асуджаныя.

    Свае думкі на конт таго, што адбываецца ў Беларусі выказаў Аляксандр Казакевіч з горада Маладзечна, які зараз жыве ў Літве:

    — Я сам як былы палітвязень разумею тую сітуацыю, якая адбываецца ў Беларусі, бо сам усё бачыў на свае вочы. Гэта вельмі жудасна, што людзі сядзяць толькі за тое, што асвятлялі падзеі 2020 года. Гэтага не павінна быць у дваццаць першым стагоддзі ў цэнтры Еўропы. Нармальныя людзі да такой сітуацыі абыякава ставіцца не могуць. 

    «Едзем за сваіх»: у Вільні прайшоў роварны прабег салідарнасці з журналістамі

    Аляксандр Казакевіч. Вільня, 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ

    Мы падтрымліваем такія акцыі. Дрэнна — гэта сядзець дома. Калі рабіць хоць што-небудзь — гэта ўжо недарэмна. Пісаць лісты палітвязням, хоць яны і не даходзяць, але ёсць банк лістоў. І калі палітвязні будуць на волі, ім могуць перадаць, што іх памятаюць, што іх чакаюць і г.д. Гэта тычыцца і журналістаў, якія сядзяць. Таму рабіць штосьці — гэта недарэмна ніколі.

    «Едзем за сваіх»: у Вільні прайшоў роварны прабег салідарнасці з журналістамі

    «Едзем за сваіх»: у Вільні прайшоў роварны прабег салідарнасці з журналістамі. 14 чэрвеня 2025 года. Фота: БАЖ

    На заканчэнне ўдзельнікі атрымалі памятныя нататнікі з фотаздымкамі зняволеных журналістаў і пазначанымі тэрмінамі, якія ім прысудзіў рэжым. Гэтая акцыя стала не толькі праявай салідарнасці, але і сведчаннем таго, што нават у выгнанні беларусы не маўчаць і працягваюць змагацца — словам, колам, прысутнасцю.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці