«Можна сустракацца часцей!» У Вільні прайшоў заключны, лампавы МедыяКвіз
Пяць медыяквізаў былі арганізаваныя да 30-годдзя БАЖ, якое будзе адзначацца ў сярэдзіне верасня. Тры з іх прайшлі ў Беластоку, астатнія два — у Літве.

Падчас квіза. Злева — старшыня БАЖ Андрэй Бастунец далучыўся да каманды юрыстаў. Справа — нязменны вядоўца квізаў Аляксей Шота. Фота: БАЖ
Апошнія жнівеньскія дзянькі, пятнічны вечар, утульнае месца ў цэнтры Вільні — што яшчэ трэба, каб сустрэцца аднадумцам? Сабрацца разам і абмеркаваць надзённыя праблемы, падзяліцца сваімі і паслухаць пра чужыя балячкі, абмяняцца ідэямі і, магчыма, дамовіцца пра новыя супольныя праекты?
Правільна — нагода. І такой падставай сустрэцца стаў заключны, пяты, лампавы МедыяКвіз, арганізаваны да 30-годдзя БАЖ.
Як ствараліся каманды
У разгары сезон адпачынкаў, таму арганізатары перажывалі, што гэты фактар можа падпсаваць планы. Вось толькі здарылася ўсё наадварот: на гульню прыйшлі пяць каманд — такой колькасці ўдзельнікаў квізавы марафон яшчэ не бачыў.
Здарыўся і яшчэ адзін сюрпрыз, стыхійна каманды сфармаваліся па прафесійнай прыкмеце. Да дзвюх «чыстых» журналісцкіх каманд далучыліся каманды юрыстаў, праваабаронцаў і палітычных экспертаў.
Вось так збіраў каманду юрыстаў пад назвай «Радыё 19.11 фм» юрыст Прававога цэнтра БАЖ Яўген Пыльчанка:
— Я прапанаваў прыйсці на квіз сваім калегам, з якімі часта гуляю ў квізы, але неяк не надта актыўна людзі збіраліся, можа праз тое, што зараз лета. У выніку паабяцалі прыйсці толькі трое — і ўсе юрысты (найбольш звязаным з медыясектарам там аказаўся я). Тады я прапанаваў паўдзельнічаць у гульне Сабіне Брыло, а разам з ёй да нас далучыўся і старшыня БАЖ Андрэй Бастунец. За кошт гэтага ў нашай камандзе з’явіліся людзі з журналісцкім досведам, але адначасова і доля юрыстаў засталася 80%, — падкрэсліў юрыст.
Прыкладна тое ж самае здарылася і з камандай праваабаронцаў — сябраў БАЖ: да Леаніда Судаленкі, Алега Мацкевіча і іхніх калег далучылася блогерка Вольга Такарчук — у выніку сфармавалася «Пятая ўлада».
Як праходзіла гульня
Медыяквіз пачаўся са спазненнем хвілін на дзесяць. Удзельнікі гульні паціху падцягваліся, у чаканні ўсіх гульцоў нехта замовіў сабе напоі, хтосьці частаваўся закускамі.
Урэшце пастаянны вядоўца Аляксей Шота (і па сумяшчальніцтве — галоўны рэдактар выдання Hrodna.life) узяў уладу ў свае рукі.
Першая частка медыяквіза закончылася перамогай юрыстаў. Што цікава, яны аспрэчылі судзейства першай часткі гульні, па выніках якой яны разам з журналісцкай камандай «Радзіва Наталля» набіралі па 14 балаў і павінны былі падзяліць першае месца між сабой. Каманда падлічыла свае набыткі, заўважылі «прапажу» 0,5 бала і адсудзілі яе ў вядоўцы (не былі б тое юрысты!).
Падчас перапынку ўдзельнікі квіза змаглі перакінуцца парай слоў паміж сабой, хтосьці дзяліўся сваімі праблемамі, хтосьці абмяркоўваў апошнія падзеі ў медыясектары, а нехта заводзіў новыя прафесійныя знаёмствы.
Другая частка гульні вызначыла яўнага лідара — каманду «Радзіва Наталля».
Але перад тым удзельнікаў квіза чакалі цікавыя пытанні. Аляксей Шота сцвярджае, што яны насамрэч лёгкія, толькі не ўсім так падалося. Напрыклад, ці ўгадаеце вы, назва якога ютуб-канала зашыфраваная ў рэбусе?

«Мне тоже не нравится» — назва гэтага ютуб-канала, зашыфраваная ў рэбусе
Ну і, вядома, не абышлося без невялікага пытання-правакацыі. Вядоўца даваў пяць падказак, па якіх трэба было назваць імя канкрэтнага чалавека. Але не кожнай камандзе ўдалося расшыфраваць гэтую персону: гаворка ішла пра прапагандыста «СБ. Беларусь сегодня» Андрэя Мукавозчыка.
Чаму вядоўца зашыфраваў у пытаннях менавіта гэтую асобу?
— Гэтае пытанне стала свайго роду правакацыяй. У папярэднім квізе я выбраў заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера. І гэтым разам думаў зашыфраваць у пытанні Ігара Гермянчука або Алеся Ліпая ці Пятра Марцава. Але потым падумаў, што трэба выбраць невідавочную персону і зрабіць падказкі, якія могуць увесці ў зман. І вырашыў спыніцца на Мукавозчуку: у яго багатая біяграфія, многія факты пра яго вядомыя, а многія папросту забытыя. Сапраўды, удалося трошкі падкалоць аўдыторыю, мне здаецца, атрымалася забаўна, — патлумачыў Аляксей Шота.
Ці возьмем гэтае пытанне: што аб’ядноўвае намаляваных персанажаў? Усе супергероі? Героі коміксаў? Але правільны адказ больш просты і відавочны: усе чацвёра працавалі рэпарцёрамі.

Усе героі, намаляваныя на карцінцы, працавалі рэпарцёрамі
Па выніках трох тураў перамагла каманда «Радзіва Наталля», другое месца занялі юрысты «Радыё 19.11 фм», трэцяе месца ўзяла каманда «Но это не точно». «Титаникас драникас» апынуўся на чацвёртым маесцы, а на ганаровым апошнім месцы аказаліся праваабаронцы з «Пятай улады». Леанід Судаленка з гэтай нагоды заклікаў сваіх партнёраў не засмучацца: «Гэта ўсяго толькі гульня, навошта перажываць!».
Пераможца, як і належыць, атрымаў свае прызы. А ўдзельнікі МедыяКвіза працягнулі свае пасядзелкі ўжо ў нефармальнай абстаноўцы.
Пасля МедыяКвіза: рэакцыі
— Апошні квіз, напэўна, выйшаў самы лепшы, бо гульцы трэніраваліся. Скажу шчыра, сабраліся сапраўды класныя каманды, бо ў Беластоку квіз атрымаўся ўвесь «медыйны-медыйны». Вельмі добрае месца выбралі арганізатары. Таму, безумоўна, пасля квіза прыемна было пачуць ад удзельнікаў словы падзякі на свой адрас, — зазначае Аляксей Шота.
Вядоўца кажа, што ўсе пытанні аўтарскія:
— Частку пытанняў я рыхтаваў з нуля, частка — адаптаваныя пытанні з маіх старых квізаў. І, скажу шчыра, вельмі моцна мне дапамагае «квізавае мысленне»: калі ты шмат гуляеш або праводзіш квізы, то ты заўважаеш пэўную логіку ў канструкцыях пытанняў. Бывае, чытаеш кнігу, гартаеш часопіс ці глядзіш штосьці пазнавальнае на ютубе — і ты заўважаеш факт або цытату, якую можна ператварыць у пытанне.
Яўгену Пыльчанку гульня яўна прыйшлася даспадобы:
— Пытанні, канешне, усе тычыліся медыя, але былі не на веданне вузка прафесійных фактаў, а на агульную эрудыцыю і «на падумаць» — гэта вельмі добра. І тым болей спадабалася, што мы нечакана выбіліся на другое месца, хаця пры рэгістрацыі ні на што асабліва не разлічваў і меркаваў, што мы апынемся недзе ў канцы спісу, — кажа Яўген Пыльчанка. — Колькі хто пытанняў адгадаў — дакладна не скажу. Здаецца, большасць адказаў знаходзілі калектыўна, але ў часе гульні ў кожнага здараецца персанальнае «азарэнне» па некаторых пытаннях.
Юрыста парадавала магчымасць зрабіць паўзу і хаця б часова вырвацца за межы прафесійных тэм:
— Прафесійныя праблемы я абмяркоўваю, здаецца, пастаянна, таму падчас квіза наадварот не хацелася на іх канцэнтравацца. Ды гульня была вельмі дынамічная і асабліва размаўляць не дазваляла.
Блогерка Вольга Такарчук, нягледзячы на тое, што яе каманда на фінішы апынулася на апошнім радку, задаволеная вынікамі гульні:
— Ёсць заўвага да арганізатараў: квіз закончыўся вельмі хутка, трэба трохі павольней, — жартуе блогерка. — Мне як не журналісту не хапіла часу падумаць. А ўвогуле выдатна атрымалася: сустрэцца з сябрамі, бавіць час разам з калегамі. Калі бачыш усіх разам — вялізны пазітыў, мне гэтага вельмі не хапае. Таму можна сустракацца часцей! Пытанні былі складаныя, бо я яшчэ не журналіст, скончыла толькі першы курс «Журфака па суботах». Таму я адказвала за прыгажосць, а не за правільныя адказы.
