У Вільні збілі журналіста Malanka Media
На журналіста Malanka Media напалі проста на вуліцы — з ягоных слоў, без папярэджання і на тое прычыны. Інцыдэнт адбыўся ў віленскім раёне Жырмуны, паведамляе Malanka Media ў сваім тэлеграм-канале.
Мікалай (імя хлопца зменена) вяртаўся з працы, калі да яго падышла група нецвярозых людзей. Адзін з іх, верагодна, палічыў, што хлопец здымае яго на тэлефон, калі ён пераключаў музыку на прыладзе, — і раптам ударыў. Нешта выкрыкваючы на літоўскай мове, ён нанёс беларусу мінімум тры ўдары кулаком па твары і ўцёк.
Хуткую выклікалі відавочцы сцэны, хлопец быў дастаўлены ў цэнтр сківічна-тварнай хірургіі. Медыкі дыягнаставалі ў пацярпелага ірваную рану ніжняй губы і рассячэнне верхняй, удар мяккіх тканак і пашкоджанні дзясны і зубоў. Дактары наклалі яму каля дзясятка швоў.

Журналіст сам падаў заяву ў паліцыю. Па факце здарэння будзе пачата расследаванне па крымінальнай справе.
