У журналіста «Белсата» Мажэйкі не забралі долары, але забралі злотыя і грыўні
Павел Мажэйка на волі, пасля ператрусу яго адвезлі на допыт у Ленінскі РАУС. Ён праходзіць сведкам у справе аб «Арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК РБ), яго распытвалі пра падзеі ў Горадні 9-13 жніўня мінулага году.
Сілавікі паводзілі сябе карэктна, але паводзілі сябе так, нібы самі не ведалі, што пытаць. Што цікава, у кабінеце, дзе яго дапытвалі, не было аніякай сімволікі, акрамя партрэта Андропава і сцяжка Расеі.
«Спадзяюся, гэта іх трафеі, а не сімвалы, якім яны цяпер служаць», — адзначыў Павел.
Падчас ператрусу, які пачаўся ў 7 ранку, забралі ўсё, што не забралі мінулым разам, тры месяцы таму — тэлефоны, стары камп’ютар, міжнароднае журналісцкае пасведчанне. Забралі і грошы — праўда, долары не цікавілі, забралі злотыя і грыўні. Пыталі пра біткойны.
