«Запужаць, забіць ці выкрасці?» Удава забітага журналіста абвіначвае спецслужбы Казахстана ў сачэнні
Наталля Садыкава, якая з дзецьмі жыве ў Кіеве, упершыню заўважыла непрыхаванае сачэнне ў сакавіку падчас паездкі ў Чэхію. Пра гэта яна распавяла на сваёй старонцы ў Facebook.

Забіты Айдар Садыкаў і ягоная жонка Наталля Садыкава. Фота ўзята з фэуйсбука
Упершыню сачэнне за сабой Наталля Садыкава заўважыла падчас сямейнай паездкі ў Прагу ў сакавіку.
«У публічныя месцы прыходзяць казахі і, асабліва не тоячыся, здымаюць мяне і маіх субяседнікаў на відэа… Па вяртанні ў Кіеў сачэнне працягвалася, прычым некалькі разоў я заўважала падазроных мужчын каля свайго дома, якія, заўважыўшы мяне, стараліся сысці», — напісала жанчына ў фэйсбуку.
Наталля Садыкава разам з трыма дзецьмі жыве ва Украіне, апошнія 11 год — у статусе бежанца. Сям’і давялося пераехаць з Казахстана ў Кіеў яшчэ ў 2014 годзе з‑за таго, што на радзіме яе муж журналіст Айдас Садыкаў падвяргаўся крымінальнаму пераследу па палітычных матывах. Сужанцы не адмовіліся ад журналійскай дзейнасці: яны вялі ўласны Youtube-канал «Бәсе», дзе крытыкавалі ўлады Казахстана і алігархаў.
Увосень 2023 года Айдас і Наталля Садыкавы былі абвешчаныя казахскімі ўладамі ў вышук па абвінавачанні ў распальванні варожасці.
18 чэрвеня 2024 года ў Шаўчэнкаўскім раёне Кіева невядомы падышоў да аўтамабіля казахскага журналіста-апазіцыянера і стрэліў у 56-гадовага мужчыну. Побач з ім сядзела і жонка Наталля, але яна не пацярпела. 2 ліпеня Айдас Садыкаў памёр ў кіеўскай лякарні.
Спадарыня Садыкава нагадвае, што за яе мужам сачылі: трэкеры ў ягоным аўтамабілі знаходзілі за год да замаху. І вось праз год пасля трагічнай смерці Айдаса ўдава паведаміла, што заўважыла сачэнне за сабой. Жанчына перакананая, што яе пераследуюць казахстанскія спецслужбы.
«Зразумела, што я вельмі «нязручная»: на маіх вачах забіваюць мужа, апазіцыянера Айдаса Садыкава, а я, замест таго, каб замаўчаць, працягваю выдаваць «Бәсе». Зразумела, што зараз у Казахстане зачышчаюць усю пратэстную прастору. Неясна, навошта ім гэта трэба: запужаць, забіць ці выкрасці?», — задаецца пытаннем жанчына.
Наталля Садыкава ўпэўнена, што акрамя агалоскі і ўкраінскіх сілавых структур яе няма каму абараніць.
