Уладальніка сайта s13.ru зноў не выпусцілі на волю
Журналіста Сяргея Чабоцьку трэці раз запар асудзілі да адміністрацыйнага арышту на 15 сутак за распаўсюджванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Уладальніка гродзенскага сайта s13.ru Сяргей Чабоцька на волю не выйшаў: яго трэці раз запар асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Прычым яго судзілі яшчэ 22 лістапада ў судзе Ленінанскага раёна Гародні па абвінавачанні ў распаўсюджвані «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Сяргея Чабоцьку затрымалі 23 кастрычніка. З таго ж дня сайт перастаў абнаўляцца, а 25 кастрычніка яго асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да «экстрэмісцкай дзейнасці» або прапагандуе такую дзейнасць).
Сайт і сацсеткі праекта не абнаўляюцца з 23 кастрычніка.
Другі раз журналіста, не выпускаючы на волю, асудзілі 6 лістапада паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП (парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства).
30 кастрычніка стала вядома, што кантэнт s13.ru і яго тэлеграм-канала прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у няволі цяпер знаходзіцца 36 прадстаўнікоў медыя.