• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Уладальніка сайта gs.by аштрафавалі на 2610 рублёў за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў

    Суд Слонімскага раёна 1 чэрвеня разгледзеў адміністрацыйную справу у дачыненні ПУП “Рэдакцыя газеты “Газета Слонімская” па абвінавачанні ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). У якасці адказчыка ў суд выклікалі дырэктара прадпрыемства Яўгена Валадашчука  — ён жа з’яўляецца ўладальнікам сайта gs.by.

    Справу ў дачыненні газеты і сайта завялі на падставе пратаколаў, складзеных старшым участковым інспектарам Слонімскага РАУС Андрэем Гусарам. Падставай адміністрацыйнага пераследу стала публікацыя на сайце gs.by 23 чэрвеня 2020 года матэрыялаў з інтэрнэт-рэсурсу які праз чатыры месяцы, 20 кастрычніка 2020 года, сталічны суд прызнаў экстрэмісцкім.

    Адказчык і адвакат настойвалі на тым, што на момант публікацыі названы экстрэмісцкім рэсурс яшчэ не лічыўся экстрэмісцкім. То бок складу адміністрацыйнага правапарушэння ў публікацыі матэрыялаў з яго на той момант не было. Не было на той час і прэтэнзій у праваахоўнікаў да матэрыялаў на сайце gs.by і ў “Газеце Слонімскай”.

    Калі ў лістападзе 2020 года ў рэдакцыю “Газеты Слонімскай” і ў кватэру Ганны і Яўгена Валадашчукоў прыйшлі сілавікі і забралі адтуль камп’ютары і ўсе носьбіты інфармацыі (спыніўшы тым самым выданне газеты) на экспертызу, прэтэнзій пасля вяртання тэхнікі ў лютым і ў сакавіку 2021 года ў праваахоўнікаў спачатку таксама не ўзнікла.

    Толькі на пачатку красавіка 2021 года старшы ўчастковы інспектар Слонімскага РАУС Андрэй Гусар выпадкова даведаўся — як ён засведчыў у судзе, — што на сайце gs.by ёсць публікацыя з рэсурсу, які ўключаны ў спіс экстрэмісцкіх на тэрыторыі Беларусі. Гусар 5 красавіка напісаў з гэтай нагоды рапарт на імя начальнікак міліцыі, а той санкцыяваў завядзенне адміністрацыйнай справы паводле арт. 19.11 КаАП — «Распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці альбо прапагандуе такую дзейнасць».

    Спачатку ў межах гэтай справы ў міліцыю на допыт быў выкліканы галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай” Мікола Канановіч. Калі ж з‑за мяжы ў Беларусь вярнуўся ўладальнік сайта і дырэктар прадпрыемства Яўген Валадашчук, адміністацыйныя справы былі распачатыя ў дачыненні да яго. Хоць на той момант праблемная публікацыя ўжо была выдаленая з сайта, а ў газеце яна наогул не публікавалася.

    Выслухаўшы бакі, старшыня Слонімскага раённага суда Аляксандр Ярмолік абвесціў перапынак на паўгадзіны. Пасля перапынку суддзя агучыў пісьмовыя матэрыялы справы.

    Адвакат у сваім выступе прасіў суд спыніць адміністрацыйныя справы ў дачыненні газеты і сайта з‑за адсутнасці складу правапарушэння.

    Суддзя Ярмолік у выніку пастанавіў спыніць справу супраць ПУП “Рэдакцыя газеты “Газета Слонімская”, паколькі ў газеце матэрыял не публікаваўся, а ўладальніка сайта gs.by Яўгена Валадашчука аштрафаваць на 90 базавых (2 610 рублёў).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці