• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У беларускіх уладаў атрымалася адабраць дамен .by у «Еўрарадыё». Аўстралійскі рэгістратар даменаў маўчыць

    Адно з люстэрак сайта «Еўрарадыё» — euroradio.by — перастала працаваць на пачатку кастрычніка. Дамен быў аплачаны, прычым рэгістравала яго замежная кампанія — аўстралійская Europe Reg­istry.

    улады адабралі дамен

    Выява зроблена БАЖ пры дапамозе Chat­G­PT

    Згодна звесткам WHOIS, даменнае імя сайта euroradio.by цяпер належыць беларускай арганізацыі «Адкрыты кантакт», якая займаецца рэгістрацыяй даменаў. Так што зараз дзяржаўная арганізацыя «Адкрыты кантакт» карыстаецца адрасам, што быў аплачаны «экстрэмісцкім фармаваннем».

    Як ні дзіўна, але сапраўды калісьці можна было рэгістраваць сайты з даменам .by праз замежныя фірмы. «Так, раней можна было набываць by-дамены па-за межамі краіны, і менавіта так ён у нас і з’явіўся. Зарэгістраванае гэтае люстэрка было шмат гадоў таму, калі паглядзець WHOIS сайта — у лістападзе 2009 года», — патлумачылі БАЖ у рэдакцыі «Еўрарадыё».

    Паводле слоў суразмоўцы, аўстралійская Europe Reg­istry дагэтуль нічога не адказала: «Мы рабілі новыя запыты ў службу падтрымкі і нават спрабавалі задаць пытанне кансультанту, але пасля доўгага чакання адказу нас “скінулі”».

    Ці кампенсуе Europe Reg­istry фінансавыя страты — дамен быў аплачаны, і тэрмін аплаты не скончыўся — невядома.

    «У тым ліку праз кантакт з кампаніяй мы спрабуем гэта высветліць, — зазначылі ў рэдакцыі. — І тут пытанне, вядома, не ў стратах, а ў прынцыпе. Бо як мінімум яны маглі б нас папярэдзіць, што і як адбылося. Але пакуль кампанія маўчыць. Яшчэ некаторы час дакладна будзем намагацца адказу. Як зрабіць потым — вырашым літаральна пад настрой».

    У беларускай арганізацыі-рэгістратары не адказваюць. Вядома ж, што «Адкрыты кантакт» насамрэч закрыты, іранічна адзначылі ў «Еўрарадыё».

    Нагадаем, Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь увесну 2024 года пачаў масава адбіраць дамены ў медыя, якія былі ўнесеныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Рэдакцыі анлайн-выданняў, абвешчаных беларускімі судамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», атрымалі паведамленні пра тое, што іх адрасы ў нацыянальнай даменнай зоне .by больш не дзейнічаюць.

    У лістах да ўласнікаў ААЦ паведамляў пра свой жа загад ад 4 красавіка 2024 года пра ануляванне беларускіх даменных імёнаў для сайтаў, уключаных у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэты спіс складае на сваім сайце Міністэрства інфармацыі паводле рашэнняў судовых інстанцый.

    Тады ААЦ дацягнуўся толькі да тых адрасоў, што былі зарэгістраваныя ў Беларусі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці