Улады адрэагавалі на публікацыю ў газеце “Мінская праўда”
Апарат Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей адрэагаваў на публікацыю ў газеце “Мінская праўда” карыкатурнай выявы каталіцкіх святароў.
У лісце ад 9 верасня 2021 г. на імя біскупа Алега Буткевіча, Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх біскупаў у Беларусі, Упаўнаважаны А. А. Румак падкрэсліў, што гэтая публікацыя не адлюстроўвае афіцыйную пазіцыю дзяржавы ў адносінах да Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі.
На думку спадара Румака матэрыялы, апублікаваныя ў газеце “Мінская праўда” ад 7 верасня 2021 г. №68, не спрыяюць падтрыманню міжканфесійнага міру і згоды ў краіне. Атаясамленне ж аўтарам артыкула асабістай ацэнкі дзейнасці асобных каталіцкіх святароў з усім Рыма-каталіцкім Касцёлам у Беларусі з’яўляюцца непрымальнымі.
Румак паведаміў, што Міністэрства інфармацыі пісьмова апавясціла Мінскае абласное ўнітарнае прадпрыемства “Інфармацыйнае агенцтва “Мінская праўда” аб недапушчальнасці падобнага роду публікацый.
