У Варшаве падтрымалі Анджэя Пачобута і выказаліся за свабоду слова ў Беларусі
У Варшаве 20 сакавіка на вялікіх рэкламных плакатах з’явіліся выявы з тэкстам: «Пакінуў каментар у Фэйсбуку? У Польшчы твой каментар — гэта ўклад у дыскусію. У Беларусі можаш трапіць у турму».

Рэкламныя плакаты ў Варшаве. Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці.
Як паведамляе Цэнтр беларускай салідарнасці, на постэрах таксама з’явіліся паведамленні пра Анджэя Пачобута — журналіста-палітвязня, асуджанага да васьмі гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Гродзенскага журналіста і сябра непрызнанага ўладамі Саюза палякаў Беларусі прызналі вінаватым паводле артыкула 361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь) і артыкула 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне варожасці ці варажнечы). Ён адбывае прысуд папраўчай калоніі № 1 у Наваполацку.

Рэкламныя плакаты ў Варшаве. Сакавік 2024 года. Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці.
Таксама жыхарам польскай сталіцы нагадалі пра лёсы беларускіх палітзняволеных Аляксандра Курганскага, які адбыў паўтара гады ў калоніі за лайк пад каментаром пра смерць супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка падчас уварвання ў кватэру ІТ-спецыяліста Андрэя Зельцэра, і асуджанага на 5 гадоў Андрэя Савінскага, якога пакаралі зняволеннем за данат у суме каля 50 долараў фондам падтрымкі, прызнаным у Беларусі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

Рэкламныя плакаты ў Варшаве. Сакавік 2024 года. Фота: Цэнтр беларускай салідарнасці.
Як фактар ціску на грамадзян Беларусі згадваюцца і рэпрэсіі ў дачыненні да польскамоўных школ.
