• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Упершыню выдадзены слоўнік тэрмінаў у сферы роўнасці і недыскрымінацыі па-беларуску

    Юрыстка Кацярына Дзяйкала спадзяецца, што цяперашнія напрацоўкі ў сферы пераймання еўрапейскіх прававых стандартаў «стануць часткай прававой рэформы пасля ўступлення Беларусі ў Раду Еўропы».

    слоўнік тэрмінаў у сферы роўнасці і недыскрымінацыі па-беларуску

    Фото: pexels.com

    Рада Еўропы і Беларускі Хельсінкскі камітэт сёлета выдалі «Кароткі слоўнік тэрмінаў у сферы роўнасці і недыскрымінацыі на беларускай мове». Выданне з’явілася ў выніку перакладу на беларускую мову і адаптацыі трох анлайн-курсаў Рады Еўропы па розных аспектах антыдыскрымінацыі, зробленых яшчэ летась. Пра гэта ў сацсетках паведаміла Кацярына Дзяйкала.

    Кароткі слоўнік — гэта 40+ тэрмінаў з тлумачэннямі (беларуска-англійская частка) і англа-беларуская табліца адпаведнасці тэрмінаў (без тлумачэнняў).

    — Тлумачэнні мы адаптавалі так, каб яны адлюстроўвалі і падыходы ААН, і еўрапейскія стандарты. Гэта не вычарпальны слоўнік па тэме, але дакладна асноўная тэрміналогія, якая выкарыстоўваецца ў гэтай сферы, — адзначыла Кацярына Дзяйкала. — І курсы, і слоўнік (як аўтаркі–складальніцы) мы зрабілі разам з маёй part­ner in crime Кацярынай Кузняцовай — адсочвалі і адаптавалі прававы бок беларускага перакладу, шукалі найбольш адпаведныя тэрміны — каб захаваўся прававы сэнс арыгінала.

    Пераклад і моўную рэдактуру зрабіў Алесь Лагвінец.

    – Для мяне гэтая праца стала часткай асабістага шляху да беларушчыны і напрацоўкай прафесійнай лексікі на беларускай мове. Увесь час я думала: гэта ўсё павінна было адбывацца 20 гадоў таму і ўсе гэтыя тэрміны павінны былі быць ужо ў практыцы 15–20 гадоў як, – піша Кацярына Дзяйкала.

    Бліжэйшым часам, як адзначае юрыстка, плануецца перакласці яшчэ адзін курс па hate speech.

    Беларусь 30 гадоў застаецца па-за межамі Рады Еўропы. Для Беларусі гэты час негатыўна адбіўся «не толькі на стане прававой сістэмы, але маюць яшчэ адзін вельмі важны негатыўны эфект — усе гэтыя 30 гадоў практычна не развівалася тэрміналогія еўрапейскіх прававых стандартаў на беларускай мове». Юрыстка згадвае, што толькі адзін дакумент — Еўрапейская Хартыя рэгіянальных моў ці моў меншасцяў 1992 года і тлумачальны даклад да яе — былі перакладзеныя на беларускую мову пры супрацоўніцтве з дзяржавай.

    — Такім чынам, выглядае, што з таго моманту нашы курсы і слоўнік — першае, каля чаго будзе стаяць кнопка «Belaru­sian». І гэта многа вартае, – рэзюмуе Кацярына Дзяйкала.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці